Чаму ўладам не падабаюцца “тлустыя” банкіры?
Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, чаму банкіры так раздражняюць беларускага кіраўніка. Падчас чарговай нарады кіраўнік Беларусі не вельмі добра выказаўся пра айчынных банкіраў.
“Тлустам пакрылася жуллё, – заявіў ён. – А займацца (дапамогай) не хочуць. Таму трэба дагружаць іх – па калгасу, па паўтара, па два, няхай там працуюць. Гэта не абмяркоўваецца. А калі трэба прывесці банкаўскую сістэму ў пачуцці, я думаю, Калаур (кіраўнік Нацбанка) гэта зробіць. Не зробіць – гэта зробяць іншыя”.
Леанід Заіка: Трэба разумець, што ў нас кіраўнік краіны – народны, а народ, як заўсёды, у нас бедны. А норма прыбытку ў банках была 35-50 адсоткаў. Таму прэзідэнт заклапочаны тым, чаму банкіры – багатыя людзі. А яны і насамрэч не самыя бедныя. Едзяць на дарагіх машынах, маюць маёмасць і атрымліваюць добры заробак, які ў некалькі разоў большы, чым афіцыйны заробак таго ж Лукашэнкі.
Спецслужбы ўсю гэтую інфармацыю да кіраўніка краіны, напэўна, даводзяць, але ж у падручніках, па якіх вучыўся Аляксандр Рыгоравіч, было напісана, што фінансавы алігарх – гэта эксплуататар у квадраце. І што можа ў такой сітуацыі казаць чалавек, які вучыўся па палітэканоміі Нікіціна, дзе распавядалася пра гэтых самых “эксплуататараў”?
РР: Зараз банкіры вымушаны будуць займацца яшчэ і калгасамі?
Леанід Заіка: Ужо займаюцца. Адзін знаёмы кіраўнік банка распавядаў, што ім таксама далі ў “нагрузку” адно сельскагаспадарчае прадпрыемства. І калі ён туды прыязджае, то на яго глядзяць, як на Бога. Ён даў працоўныя месцы, заробак, купілі добрую тэхніку.
Гэтага банкіра ў народзе “кармільцам” называюць. А банкір на вёсцы пабудуе яшчэ і Дом адпачынку, дзе на выхадныя будуць адпачываць культурныя людзі са сталіцы. Таму, як бачым, ва ўсім можна будзе знайсці нешта станоўчае.
А старшыні Нацбанка, безумоўна, дастаецца, але што зробіш? Ён сам выбраў такое жыццё. У нас жа краіна, дзе кіруе народ, ці не так? А народ лічыць, што “тлустых” банкіраў трэба ганяць пугай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя