Чаму ўлады забралі прадпрыемства ўкраінскага інвестара?
Эканаміст Леанід Заіка распавёў пра сітуацыю з Аршанскім авіярамонтным заводам.
Украінскае АТ “Мотар Січ” выйшла са складу акцыянераў Аршанскага авіярамонтнага завода пад ціскам беларускіх уладаў, пра што паведаміў кіраўнік украінскай кампаніі.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка пра гэтае прадпрыемства выказаўся так: “Уласніка тут ужо няма. Уласнікі – вы. Усе уласнікі, якія тут былі, яны самі адмовіліся ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сёняшнняга дня”.
Леанід Заіка: У гэтай сітуацыі не варта шукаць законныя падставы адабрання прадпрыемства. Трэба быць абсалютна наіўным чалавекам, каб казаць тут пра нейкі закон. Аршанскі авіярамонтны завод – гэта прадпрыемства, якое працуе на мілітарысцкія патрэбы. Украіна ў стане вайны з Расеяй. І Масква магла даць беларускім уладам прамое ўказанне прыбраць украінскіх уласнікам з гэтага завода. А ўкраінскія бізнесмены— наіўныя хлопцы, якія, напэўна, наведвалі курсы дэмакратычнага менеджмента.
РР: Кіраўнік украінскай кампаніі заявіў, што прамыя страты ў Беларусі склалі каля 15 мільёнаў даляраў.
Леанід Заіка: Калі б Украіна была ў складзе агульнага эканамічнага саюза з Расеяй, Казахстанам і Беларуссю, то такога , магчыма, і не адбылося б. А так прыбралі з рынку ўкраінскага бізнесмена – і ўсё. І нічога ён у гэтай сітуацыі не зробіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя