Чаму ўмацоўваецца беларускі рубель?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, чаму кошты на нафту – далёка не самы галоўны фактар ў курсаўтварэнні беларускага рубля.
13 красавіка беларускі рубель працягнуў адваёўваць пазіцыі. Курс даляра абваліўся яшчэ на 0,0139 рубля да 2,4613 рублі за даляр. Гэта мінімальнае значэнне з сярэдзіны сакавіка.
Курс еўра ўпаў на 0,0097 рубля да 2,6963 рублі за еўра. Еўрапейская валюта патаннела ўжо пяты раз запар і апусціўся да мінімуму за 26 дзён.
Вадзім Іосуб: Мяркуючы па апошніх коштах на нафту, нафтавы рынак не атрымаў нейкага вялікага аптымізма з нагоды пагаднання, якое заключылі краіны АПЕК. Па сутнасці рост рынка адбыўся на пазамінулым тыдні, калі Трамп у Твітары напісаў, што ў Расеі і Саудаўскай Аравіі ёсць шанц дамовіцца.
Калі ж казаць пра беларускі рубель, то на яго кошт нафты не вельмі моцна і ўплывае. Натуральна, ёсць моманты, калі моцная дынаміка нафты ўверх альбо ўніз аказвае ўплыў на расейскі рубель, а затым гэта адбіваецца і на нашай нацыянальнай валюце. Але нафтавы фактар рэдка ўплывае непасрэдна на беларускі рубель. Пра кошт беларускага рубля мы мяркуем, зыходзячы з кошту валютнага кошыка.
РР: У другой палове сакавіка адбылося сур’ёзнае падзенне нацыянальнай валюты…
Вадзім Іосуб: Гэта больш было звязана з рэкорднымі чыстымі пакупкамі валюты, як з боку прадпрыемстваў, так і з боку фізічных асобаў.
А зараз за мінулы тыдзень рубель умацаваўся дастаткова моцна і да даляра, і да еўра. Але ізноў-так не факт, што гэта звязана з нафтай. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што ўсе, хто хацеў купіць валюту, ужо яе набылі. Новых пакупак на рынку няма, як няма ў насельніцтва і свабодных рублёў. Прадпрыемствы-імпарцёры, напэўна, знізілі попыт на замежную валюту, бо імпарт стаў вельмі дарагім. І ў адсутнасць новых пакупак адбываецца карэкцыя валютнага рынка. Цэны на нафту – далёка не самы галоўны фактар ў курсаўтварэнні беларускага рубля.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя