Чаму ўмацоўваўся беларускі рубель?
Экс-старшыня Нацбанк Беларусі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму ў апошні час умацоўваўся беларускі рубель.
Сёння на адкрыцці таргоў у Менску даляр ЗША вырас адразу на 279 рублёў да 19 400, еўра падаражэў на 190 рублёў да 22 306 беларускіх.
Тым часам, 3 траўня курс даляра знізіўся на 59 рублёў і дасягнуў мінімальнага ўзроўню за апошнія 113 дзён.
Станіслаў Багданкевіч: Я бачу, што апошнім часам даляр зніжаўся не толькі ў адносінах да беларускага рубля, але і да еўра, і нават украінская грыўна ўмацавалася ў адносінах да амерыканскай валюты. Таму гэта тэндэнцыя не толькі беларускай нацыянальнай валюты. А ў Беларусі шмат фактараў, якія ўплываюць на гэтую сітуацыю. І галоўнае тут – пагаршэнне стану эканомікі. Зніжаюцца рэальный заробкі і пенсіі людзей, павялічваюцца выдаткі, падаюць інвестыцыі… У бізнеса і насельніцтва няма грошай на набыццё валюты. Калі раней тыя, хто меў магчымасць адкладваць зберажэнні, пераводзіў рублі ў валюту, то зараз сітуацыя такая, што і мяняць асаблівага няма чаго. У бізнеса змяншаюцца прыбыткі, а пра людзей і ўвогуле няма чаго казаць.
РР: Сёння рубель крыху здаў пазіцыі, але што будзе з нацыянальнай валютай далей?
Станіслаў Багданкевіч: Улічваючы, што зараз ідзе пасяўная кампанія, на яе будуць вылучаны значныя сродкі ў беларускіх рублях. Таму, мяркую, чакаць далейшага ўмацавання беларускага рубля не варта.
РР: Аднак многія аналітыкі наўпрост звязваюць фарміраванне курса беларускага рубля з тым, як змяняюцца кошты на нафту. Расце цана на нафту – умацоўваецца рубель…
Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна, ускосная сувязь тут ёсць. Але я больш веру таму, што заяўляе Нацыянальны банк. А ён заяўляе, што ў нас курс валюты вызначаецца попытам і прапановай. Гэта значыцца, што сёння падае попыт на даляры. А чаму ён упаў, я ўжо распавёў. З-за крызісу ў эканоміцы і падзення даходаў, грошай у многіх хапае толькі на падтрыманне статус-кво, а не для таго, каб набываць валюту.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя