Чаму ва Украіне мінімальны заробак ужо большы, чым у Беларусі?
Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра тое, як растуць заробкі ў Беларусі і суседняй краіне.
Мінімальны заробак ва Украіне з 1 студзеня 2020 года вырас да 4 723 грыўняў за месяц (каля 200 даляраў) і, такім чынам, перавысіў беларускі. У Беларусі мінімальны заробак складае 375 рублёў (каля 180 даляраў).
Генадзь Фядыніч: Эканоміку не падманеш, а рост заробкаў наўпрост залежыць ад яе развіцця. Зразумела, што рост дабрабыту ўкраінцаў – гэта найперш паказчык таго, што эканоміка пасля вайны стала развівацца больш дынамічна. І, натуральна, мы бачым, як пажывае «беларускі эканамічны цуд», пра які пастаянна нагадвала беларуская прапаганда і хваліўся кіраўнік краіны.
РР: Да таго ж, вайны ў Беларусі няма…
Генадзь Фядыніч: Увесь гэты «цуд» амаль цалкам быў завязаны на танных расейскіх энергарэсурсах, продажы нафтапрадуктаў на Захад і пастаянных крэдытах. Перакрылі кран – адразу гэты «цуд» паказаў, чаго ён варты.
Таму калапс у беларускай эканоміцы працягваецца, і ўлада не можа даць людзям тое, чаго яны ўжо даўно заслугоўваюць. А, магчыма, чакаюць, каб менавіта ў год прэзідэнцкіх выбараў падняць заробкі і такім чынам паказаць шчодрасць гэтай самай улады.
Беларусаў увесь час пужаюць вайной ва Украіне і пытаюцца: вы хочаце, каб у нас было гэтак жа? Але паглядзіце, да чаго давялі Беларусь і без вайны. Лічбы гавораць самі за сябе.
РР: Ці падымуць у гэтым годзе заробкі?
Генадзь Фядыніч: Мяркую, што так. Магчыма, моцна ўключаць грашовы станок пабаяцца, але пэўнае павелічэнне адбудзецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя