Чарговае пасяджэнне рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі



12-е афіцыйнае пасяджэнне рабочай групы Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) па далучэнні Беларусі прайшло 11 ліпеня ў Жэневе.

Як паведамляе прэс-служба Савета міністраў, беларускую дэлегацыю ўзначальваў першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, а таксама прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Нацыянальнага банка, Мінюста, Міністэрства аховы здароўя, Мінсувязі, Мінпрама і шэрагу іншых ведамстваў.

Турчын праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння пра развіццё беларускай эканомікі, прасоўванне па шляху далучэння да СГА і пра вынікі, дасягнуты з моманту папярэдняга пасяджэння рабочай групы ў лютым 2019 года.

Турчын заклікаў краіны СГА падтрымаць намаганні Беларусі па больш хуткім афармленні членства ў арганізацыі, якое магло б адбыцца падчас 12-й міністэрскай канферэнцыі СГА ў чэрвені 2020 года. Турчын падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да пошуку кампрамісных развязак, якія не супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш як 50 краін — членаў СГА. Прадстаўнікі ЗША, ЕЗ, Расеі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Украіны, Індыі, Кітая, Аргенціны, Аўстраліі, Бразіліі, В’етнама, Канады, Турцыі, Швейцарыі, Японіі, Карэі, Коста-Рыкі, Кубы, Эквадора, Сальвадора, Грузіі і шэрагу іншых краін у сваіх выступах падтрымалі прынятыя ўрадам Беларусі захады па далучэнні да СГА і выказалі гатоўнасць да актыўнай сумеснай працы ў 2019 годзе з мэтай найхутчэйшага завяршэння перамоўнага працэсу, гаворыцца ў паведамленні Саўміна.

На пасяджэнні таксама адбылося дэталёвае абмеркаванне прадстаўленай рэдакцыі праекта дакладу рабочай групы па раздзелах эканамічнай палітыкі Беларусі, дзейнасці дзяржаўных гандлёвых прадпрыемстваў, цэнаўтварэнні, колькасных абмежаваннях, рэгуляванні імпарту і экспарту, прымяненні тэхнічных бар’ераў у гандлі, санітарных і ветэрынарна-санітарных мер, а таксама інвестыцыйных мер, звязаных з гандлем.

Беларуская дэлегацыя прадставіла адказы на ўсе пытанні, якія паступілі з боку краін — членаў СГА. Пасля атрымання новых пісьмовых пытанняў з боку членаў СГА беларускім бокам будзе падрыхтаваная новая рэдакцыя праекта дакладу рабочай групы, якую плануецца разгледзець на чарговым пасяджэнні ў канцы 2019 года.

8-12 ліпеня ў Жэневе праходзіць чарговы раўнд двухбаковых перамоваў з членамі СГА па доступе на рынак тавараў і паслуг, а таксама спецыяльнае пасяджэнне па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі ў Беларусі.

Беларусь пачала працэс уступлення ў СГА ў 1993 годзе і зараз знаходзіцца на завяршальным этапе далучэння да арганізацыі, якая аб’ядноўвае 164 краіны.

belapan.by