Чарговая гандлёвая вайна: эканоміка ці палітыка?



Чаму Расея і Беларусь не могуць жыць без гандлёвых войнаў? Аб гэтым распавядае эканаміст Леанід ЗЛОТНІКАЎ.

 Расея 11 снежня можа аднавіць пастаўкі з некаторых беларускіх жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, паведаміў учора ў Маскве памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка.

Тым часам, пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што тэма забароны паставак беларускай прадукцыі ў Расею можа быць закрыта на працягу дзесяці дзён.

Леанід Злотнікаў: Калі казаць пра рынак, то тут ёсць розныя метады яго абароны. Адна – эканамічная (каб канкурэнты не з’яўляліся), другая – якасць прадукцыі, трэцяя – абарона ад кантрабанды. І кантрабанда з Беларусі ішла, калі Расея ўвяла супраць Еўразвяза санкцыі. Масква пасля гэтага падняла вэрхал, нейкія там зрухі адбыліся. Зараз разам разбіраюцца з якасцю беларускай прадукцыі. А вось што датычыцца эканамічнай абароны, то пра гэта ж ніхто не кажа. Расея ж адкрытым тэкстам не заяўляе, што не хоча бачыць канкурэнтаў на сваім рынку. Ківаюць толькі на кантрабанду і якасць. І атрымоўваецца, што фармальна Масква выконвае нарматывы, якія прадугледжваюцца Мытным саюзам. Маўляў, саюзнікі ўсе свае дамоўленасці выконваюць, але ў той жа час ставіцца шлагбаум на шляху беларускіх тавараў.

РР: А ці могуць быць іншыя чыннікі для чарговай гандлёвай вайны?

Леанід Злотнікаў: Безумоўна, палітыка нярэдка кіруе эканомікай. Можа быць, у Крамля з’явілася нейкая незадаволенасць дзеяннямі саюзніка. Абхазію афіцыйны Менск не прызнаў, анексію Крыма не прызнаў, да Парашэнкі на інаугурацыю ездзілі… Можна дадаць сюды яшчэ і незадаволенасць таго, як ідзе прыватызацыя ў Беларусі з удзелам расейскага капіталу. Так што варыянты могуць быць самыя розныя.

РР: Няўжо Расея не можа закрыць вочы на дробныя эканамічныя свавольніцтвы беларускага суседа, улічваючы, што гэты сусед сёння ледзь не адзіны, хто падтрымлівае Крэмль у той сітуацыі, у якой апынуўуся?

Леанід Злотнікаў: Калі сусед моцна крыўдзіць – вочы закрываць ніхто не будзе. Але, думаю, дамовяцца. Гэтая гандлёвая не першая. І, магчыма, не апошняя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя