Чарнігаўскі рынак як люстэрка беларускай эканомікі



Эканамічныя сувязі Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны наладжаныя даўно і дзейнічаюць бездакорна. Яшчэ ў сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя гамяльчане ездзілі па закупы ў Чарнігаў, а чарнігаўчане – у Гомель. За часамі СССР беларусы традыцыйна скуплялі ўкраінскія будаўнічыя матэрыялы, украінскае спіртное і ўкраінскія садавіну з гароднінай. Украінцы цікавіліся беларускімі абуткам, трыкатажам, а таксама мяснымі і малочнымі прадуктамі.

Optimized-2016-01-20_achromienka_czarnihauski_rynak_lusterka_1

За апошнія гадоў пятнаццаць плынь украінцаў, якія ездзяць па закупы ў Беларусь, значна зменшылася, а вось плынь беларусаў ва Украіну павялічылася ў разы. Пры гэтым чарнігаўскія рынкі і гуртовыя базы можна разглядаць у якасці гэткага люстэрка беларускай эканомікі: чым даражэшыя тавары ў Беларусі, тым больш нашых шопінг-турыстаў прыяжджае ў Чарнігаў.

Сёлета беларускія індывідуальныя прадпрыемцы практычна спынілі працу. Рынкі зачыненыя.

Ці пабольшала пасля гэтага беларусаў на рынках Чарнігава? У якія спосабы чарнігаўскій бізнесоўцы завабліваюць беларускіх пакупнікоў? Як яны ацэньваюць сітуацыю са скандальным Указам № 222 ў нашай краіне і ці магчымае нешта падобнае ва Украіне?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з чарнігаўскім прыватным прадпрымальнікам Ігарам з рынку “Ніва”, які гадоў пятнаццаць спецыялізуецца на гандлі з нашымі суайчыннікамі.

Optimized-2016-01-20_achromienka_czarnihauski_rynak_lusterka_2

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: На чарнігаўскім рынку я гандлюю больш за 10 гадоў. У мяне колькі буцікоў па гандлю абуткам. Беларусы – нашыя найлепшыя кліенты. Прытым некаторых ведаю ў твар і вітаюся нават тады, калі бачу ў горадзе, а не на рынку. Калі беларусы арганізавана прыяжджаюць у Чарнігаў, нам адразу сігналізуюць кіроўцы аўтобусаў – маўляў, рыхтуйцеся! Безумоўна, сталыя кліенты з Гомеля маюць у нас добрыя зніжкі. Увогуле, беларусы для нас вельмі і вельмі важныя людзі.

РР: Што беларусы купляюць на чарнігаўскіх рынках найчасцей?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Сам я “стаю на абутку”, але ж кантактую з усімі – такая тут спецыфіка. Беларусы купляюць практычна ўсё. Да таго ж Гомеля тут – каля дзевяноста кіламетраў. Разумею, што і ў беларусаў цяпер жыццё не цукар. Але ж жыццё не стаіць на месцы, людзям трэба ў нешта абувацца, у нешта апранацца, рабіць нейія падарункі. Атрымліваецца, што куды танней пад’ехаць з Гомеля да нас, чым купляць аналагічныя рэчы ў Беларусі. Дый асартымент у нас значна лепшы.

РР: Апошнім часам на чарнігаўскім рынку беларусаў пабольшала ці стала менш?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Перад Новым годам проста змяталі ўсё, што бачылі! Напэўна, людзі скуплялі падарункі для крэўных і сяброў, адсюль і такая актыўнасць. Пасля Новага Года быў невялічкі шціль – народ святкаваў, дый грошай не засталося. А цяпер, дзякуй Богу, зноў пайшоў кліент. Вельмі багата беларусаў на рынку!

РР: Украіна знаходзіцца ў фактычным стане вайны з Расейскай Федэрацыяй. У Беларусі, калі даваць веры Беларускаму тэлебачанню, усё стабільна. Чаму, на Ваш погляд, людзі са стабільнай Беларусі масава ездзяць скупляцца ва Украіну, дзе тае стабільнасці няма?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Як мне казалі гамяльчане, іхні Лукашэнка прыдумаў чарговы Указ. Гандляваць стала нявыгодна, у выніку ўвесь бізнес у прыватных прадпрыемцаў у Беларусі навярнуўся медным тазам. Не, для нас гэта, вядома ж, вельмі выгодна: цяпер усе гамяльчане паехалі ў Чарнігаў! Але ж я, як прыватны прадпрымальнік, не магу зразумець таго Лукашэнку. Людзі, якія гандлявалі на рынках, плацілі падаткі, сумленна працавалі, і тут – на табе такое. Каму ён горш зрабіў? Не будзе прадпрымальнікаў – не будзе падаткаў, не будзе, чым фармаваць бюджэт. Дый тых людзей, якія цяпер не могуць займацца гандлем, трэба неяк працаўладкоўваць.

РР: А ці магчыма, каб прэзідэнт Пётр Парашэнка выдаў Указ, які б паралізаваў жыццё ўкраінскіх прадпрымальнікаў?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Не думаю, што магчыма. Дый у Парашэнкі няма такіх паўнамоцтваў. У нас ёсць заканадаўчы орган, які называецца Вярхоўная Рада Украіны.

РР: Вас, як прыватнага індывідуальнага прадпрымальніка, нехта прыгнятае? Можа вымантачваюць грошы з міліцыі, санэпідэмстанцыі ці падаткавай?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Натуральна, мы плацім падаткі, усё згодна дзейснага Падаткавага кодэксу.

РР: І якія падаткі плаціце асабіста Вы?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: У нас ёсць так званы “адзіны падатак”. І ўсё. У нас цяпер усё проста і празрыста, у параўнанні з Беларуссю.

РР: З 1 студзеня 2016 года паміж Еўразвязам і Ўкраінай дзейнічае правіла, паводле якому ўсе еўрапейскія тавары абкладаюцца нулявым мытам. Ці азначае гэта, што неўзабаве на рынках Чарнігава з’явацца танныя і якасныя тавары з Еўразвязу, якія зацікавяць беларусаў?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: На гэта мы ўсе вельмі спадзяемся. Пакуль, праўда, нічога падобнага няма.

РР: Але калі такія еўрапейскія тавары нарэшце з’явацца, то на Ваш погляд, беларускія ўлады будуць супрацьдзейнічаць паездкам беларусаў у Чарнігаў?

Ігар, чарнігаўскі прыватны прадпрымальнік: Вядома ж, нешта прыдумаюць! Можа, абмяжуе нормы ўвозу тавараў з Украіны на тэрыторыю Беларусі. А, можа, і ўвогуле забароніць да нас ездзіць. Мы гэтага вельмі баімся.

У сярэднім Чарнігаў штомесяц наведвае каля 10 000 беларускіх грамадзянаў. Кожны з іх пакідае ў горадзе ад 200 да 300 даляраў. Гэта дае каля 11 % прыбыткаў у муніцыпальны бюджэт.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара: чарнігаўскі рынак “Ніва”