Часткова адноўлена транспарціроўка нафты ў кірунку Польшчы
„Па стане на 9 чэрвеня беларускі аператар магістральнага нафтавода ААТ „Гомельтранснафта Дружба” выканаў шэраг этапаў дарожнай карты тэхнічных мерапрыемстваў па выцясненні нафты з утрыманнем хлорарганікі ў дзвюх нітках трубавода „Дружба” ад Мазыра да мяжы з Польшчай, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце канцэрна. — Рэверсам на тэрыторыю РФ вернута 450 тыс. тон забруджанай нафты, яна была замешчаная нафтай, якая адпавядае ДАСТу”.
Як адзначылі ў „Белнафтахіме”, праведзеная праца дазволіла 8 чэрвеня ў 21.00 атрымаць чыстую нафту на прымежнай польскай перакачвальнай станцыі Адамава.
Пасля праверкі якасці нафты прынятае рашэнне пра аднаўленне 9 чэрвеня транзітнай транспарціроўкі нафты ў напрамку НПЗ Польшчы і Германіі.
Паводле звестак беларускага канцэрна, „згодна з планам-графікам руху нафты ў чэрвені ў заходнім напрамку плануецца штосутачная прапампоўка ў аб’ёме 65 тыс. тон.
Пры гэтым адзначаецца, што „транзітная транспарціроўка нафты ў напрамку Украіны ажыццяўляецца па графіку”.
„Арганізацыі канцэрна працягваюць рэалізацыю дарожнай карты па замяшчэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь расейскай нафты неналежнай якасці. Наступным этапам прадугледжваецца выцясненне бруднай нафты па трэцяй нітцы трубавода ад Адамава да Мазыра. Гэты этап завершыцца ў першых чыслах ліпеня. Затым будзе ачышчаная забруджаная нітка трубавода ад Мазыра да расейскай Унечы. Этап працягнецца да сярэдзіны жніўня”, — паведамляе „Белнафтахім”.