Чэшскі бізнес зацікаўлены ў энергетычных праектах у Беларусі
„Мы сёння добра ўяўляем тыя галіны, у якіх можам прапанаваць супрацоўніцтва”, — заявіў у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным вечарам 3 ліпеня, міністр замежных спраў Чэхіі Любамір Зааралек.
Ён расказаў, што два тыдні таму адбыўся візіт у Беларусь місіі з 30 прадпрымальнікаў на чале з міністрам прамысловасці і гандлю. „Мэтай сустрэч было абмеркаванне шляхоў супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, у прыватнасці электрыфікацыі чыгунак, будаўніцтва мінскага метрапалітэна. Таксама ішла гаворка і пра аднаўляныя крыніцы энергіі. Цэлы шэраг чэшскіх прадпрымальнікаў праяўляе вялікую цікавасць да супрацоўніцтва з Беларуссю”, — запэўніў міністр замежных спраў Чэхіі.
Ён таксама заявіў, што „чэхі і далей гатовыя падтрымліваць Беларусь у розных міжнародных арганізацыях”. „У прыватнасці, мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь атрымала лепшы рэйтынг у Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва, якая ацэньвае ўзровень развіцця нацыянальных эканомік. Яшчэ адна наша мэта — падтрымаць Беларусь у пытанні ўступлення ў СГА”, — сказаў Любамір Зааралек.