Член страйкама „Беларуськалія” Дзмітрый Кудзялевіч знаходзіцца ва Украіне?
Член страйкама „Беларуськалія” (Салігорск, Менская вобласць) Дзмітрый Кудзялевіч знаходзіцца ва Украіне, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар страйкама прадпрыемства Глеб Сандрас.
Тэлеграм-канал страйкама адзначае, што інфармацыя пакуль не пацверджаная, і публікуе відэазварот, у якім Кудзялевіч падзякаваў усім „за вокамгненную рэакцыю і падтрымку ў сувязі з яго часовым знікненнем”. „Сёння сапраўды быў беспрэцэдэнтны выпадак, які дзівіць сваёй беспрынцыповасцю, нахабствам і вынаходлівасцю”, — сказаў рабочы.
Як адзначыў Кудзялевіч, напярэдадні раніцай яму „паступіў званок” з просьбай прыехаць для растлумачэння пазіцыі страйкама. „Аднак мяне сустрэлі людзі далёка не прыязныя і далёка не паплечнікі. Выцягнуўшы мяне з машыны, яны пагрузілі мяне ў свой аўтобус і завезлі на Паркавую, 1 (у Камітэт дзяржаўнай бяспекі. — БелаПАН.). Гэтыя людзі ўжо даўно за намі сочаць, даўно ходзяць па пятах, не толькі слухаюць нас праз прылады, а слухаюць наўпрост. Таму будзьце пільнымі”, — заклікаў Кудзялевіч.
Ён сказаў, што найбліжэйшым часам паспрабуе далучыцца да страйку і працягнуць „паказальную барацьбу”.
Як патлумачыў БелаПАН прэс-сакратар страйкама, Кудзялевічу ўдалося пакінуць будынак КДБ праз фортку ў прыбіральні. „Тое, што адбываецца ў краіне, мы ацэньваем як націск на тых, хто актыўна ўдзельнічае ў страйках і забастоўках”, — падкрэсліў Сандрас.
Як паведамлялася раней, 20 жніўня Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь. „Ён гаварыў па тэлефоне з членам нашага страйкама, потым сувязь абарвалася. Пакуль мы не ведаем, што з ім. Ён паспеў сказаць, што да яго падышлі двое невядомых, запатрабавалі выйсці з машыны”, — распавёў БелаПАН Сандрас.
Ён пацвердзіў намер страйкама распачаць галадоўку, калі ўлады працягнуць націск на страйкоўцаў.
19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорска прадстаўнікі страйкама „Беларуськалія” заявілі пра гатоўнасць пачаць галадоўку, калі на шахцёраў, якія бастуюць, будзе рабіцца націск: пагрозы, звальненні сілавое ўздзеянне. У страйкаме падкрэслілі, што згодна з Канстытуцыяй працоўныя „маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на страйк”.
На мітынгу быў апублікаваны спіс патрабаванняў страйкама, у ліку якіх: прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі; прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў; вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі; не дапускаць прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе дысцыплінарнага, адміністрацыйнага і крымінальнага пакарання ў дачыненні да асоб, якія ўдзельнічаюць у страйку.
„Беларуськалій” — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў. На прадпрыемстве працуе больш за 16 тысяч чалавек.
Фота: lider-press.by