Членаў праўлення „Белгазпрамбанка” не ўключылі ў склад яго часовай адміністрацыі



У склад часовай адміністрацыі, якая па рашэнні Нацыянальнага банка пачала працаваць у „Белгазпрамбанку” 15 чэрвеня, увайшлі восем чалавек, членаў праўлення банка сярод іх не аказалася.

Як паведамляе 18 чэрвеня прэс-служба „Белгазпрамбанка”, часовая адміністрацыя па кіраванні банкам зацвердзіла размеркаванне абавязкаў паміж кіраўніком і членамі часовай адміністрацыі.

Кіраўнік часовай адміністрацыі Надзея Ермакова будзе курыраваць сістэму рызыка-менеджменту, унутраны аўдыт, персанал і інфармацыйную палітыку банка.

У склад часовай адміністрацыі ўвайшлі яшчэ сем чалавек, якія будуць курыраваць напрамкі, звязаныя з аперацыйнай дзейнасцю банка: Галіна Тарасава, Дзмітрый Дудзік, Ганна Бабіцкая, Юрый Далікатны, Валерый Сіманаў, Аляксандр Русакомскі, Наталля Паясок.

Да пачатку працы часовай адміністрацыі дзейнасцю „Белгазпрамбанка” кіравала яго праўленне, у склад якога ўваходзіла таксама восем чалавек, у тым ліку Кірыл Бадзей, Таццяна Аўраменка, Аляксандр Ільясюк, Дзмітрый Кузьміч, Уладзімір Сажын, Ірына Патапава, Сяргей Шабан і Аляксандр Сотнікаў.

14 чэрвеня Нацбанк прыняў рашэнне аб увядзенні часовай адміністрацыі ў „Белгазпрамбанку” „з мэтай абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў” і „недапушчэння пагаршэння” фінансавага стану камерцыйнага банка.

Падставай для ўвядзення часовай адміністрацыі сталі крымінальныя справы, якія Камітэт дзяржкантролю распачаў у сувязі, як сцвярджалася, з выяўленымі фактамі ўхілення ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

На чале часовай адміністрацыі па кіраванні „Белгазпрамбанкам” стала экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова. Паўнамоцтвы праўлення на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.

Прэтэнзіі да працы ААТ „Белгазпрамбанк” узніклі пасля таго, як былы старшыня яго праўлення Віктар Бабарыка прыняў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты. 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у рамках крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. 12 чэрвеня з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што Нацбанк мяняе кіраўніцтва банка.

Уласнікі „Белгазпрамбанка” — расейскія „Газпром” і „Газпрамбанк” — вечарам 12 чэрвеня рэзка асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. Яны назвалі незаконнымі дзеянні па прызначэнні беларускімі ўладамі в.а. старшыні праўлення і в.а. намесніка старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк”. „Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення „Белгазпрамбанка” праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліваецца ў сумеснай заяве „Газпрома” і „Газпрамбанка”.

Акцыянеры ААТ „Белгазпрамбанк” збіраюцца „дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама прымаюць усе магчымыя меры для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банка”, падкрэсліваецца ў сумеснай заяве „Газпрома” і „Газпрамбанка”.

belapan.by