Чым пагражае зніжэнне ВУП?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, якія рызыкі  маюцца ад таго, што ВУП Беларусі ў I паўгоддзі знізіўся на 3,3%.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-чэрвені 2015 года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,3% і склаў Br 404 трлн 485,5 млрд, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Барыс Жаліба: Калі зніжаецца ВУП, няма крыніц для павышэння заробкаў, пенсій, для падтрымання сацыяльнай раўнавагі. Нічога не змянілася і ў плане крызісных з’яваў. Па-ранейшаму скарачаецца экспарт, а суадносна і ВУП. Значыцца няма асаблівых перспектыў, што гэтая негатыўная тэндэнцыя пераломіцца. Яна анадварот – нарастае. Наколькі мне вядома, з пачатку года ВУП падаў на два з нечым адсоткі, а за паўгоддзе знізіўся адразу на 3,3.

РР: Якія пры гэтым маюцца рызыкі для беларускай эканомікі?

Барыс Жаліба: Галоўная рызыка палягае ў тым, што падзенне ВУП можа працягнуцца і надалей. Таму што ніякіх зменаў у негатыўных знешніх фактарах, якія ўплываюць на эканоміку (тыя ж санкцыі да расейскай эканомікі), няма. Акрамя таго, як вядома, з Ірана здымаюць санкцыі, краіна ў бліжэйшыя месяцы павялічыць здабычу нафты, а значыцца кошты на яе на сусветным рынку будуць зніжацца. Гэта зменшыць прыбытак для Беларусі ад продажу нафтапрадуктаў, якія краіна экспартуе. Таму абсалютна няма чаму радавацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zhlobin-news.org