Чым закончыцца чарговая кампанія па барацьбе з імпартам?



У Беларусі пачынаецца новы этап у барацьбе з імпартам. Чаму папярэдні намаганні завяршыліся няўдала і ці будзе поспех у будучым? Сваё меркаванне з гэтай нагоды выказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Лукашэнка ў чарговы раз запатрабаваў ад Міністэрства гандлю, губернатараў і старшыні Менскага гарвыканкама разам са кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэту прыняць меры па абароне беларускага вытворцы.

Па яго словах, ніякіх спасылак на абязальніцтвы ў Мытным і Еўразійскім саюзе быць не павінна, паколькі Расея ў выпадку неабходнасці абараняе ўласныя інтарэсы.

У Адміністрацыі афіцыйнага лідара дадалі, што імпарт абмяжоўваецца таму, што “тавары, якія робяць у нас, неканкурэнтаздольныя з імпартам на ўнутраным рынку”.

Леанід Злотнікаў: З імпартам у нас ужо змагаюцца доўгі час. Пры Саўміне для гэтага нават створана спецыяльная камісія. Але гэта, як барацьба з ветракамі. Людзі імкнуцца купляць імпартныя тавары, бо яны і лепшыя па якасці, і таннейшыя ў разы. А мяжу з той жа Польшчай ці Літвой яшчэ ніхто не закрываў. Як у гэтай сітуацыі стрымаць народ? І яшчэ адзін момант. Калі ўжо ўрад хоча зрабіць свае тавары больш канкурэнтнымі, то ён павінен значна дэвальваваць беларускі рубель. Справа ж не толькі ў імпарце, але і экспарт мала прыбытку дае. Таму тут праблемы ў эканоміцы, якія толькі павялічваюцца. І з імпартам трэба змагацца эканамічнымі метадамі, а не адміністрацыйнымі. А апошнія – безвыніковыя, як паказвае практыка. Шматгадовая барацьба дала на выхадзе поўны нуль.

РР: Ці нясе шкоду для нацыянальнай эканомікі барацьба з імпартам?

Леанід Злотнікаў: Безумоўна, бо ў той жа эканамічнай тэорыі, якую, дарэчы, вывучаюць студэнты, чорным па беламу напісана: любое абмежаванне імпарту зніжае ўзровень жыцця насельніцтва. Але наша кіраўніцтва, відаць, гэтую тэорыю не чытала. Здараецца, безумоўна, што дзяржава абараняе асобныя прадпрыемствы ад імпарту на 2-3 гады, каб тыя ўсталі на ногі, адпрацавалі тэхналогіі і навучыліся вырабляць канкурэнтныя тавары. І гэта адбываецца не за кошт дэвальвацыі валюты, а за кошт высокатэхналагічнай і эфектыўнай вытворчасці. Дык вось у нас зрабіць такую вытворчасць чамусьці няздольныя. А могуць толькі каманды даваць, якія ўсё роўна не выконваюцца. Гэта вельмі нізкі ўзровень дзяржаўнага кіравання і такі ж узровень разумення таго, што трэба зрабіць, каб краіна была багатай.

РР: На ваш погляд, чым закончыцца чарговая кампанія па барацьбе з імпартам?

Леанід Злотнікаў: Нічым яна не закончыцца. Па-першае, гэта парушэнне таго, што прынята ў ЕЎРАЗЭС. Па-другое, я нават не ўяўляю, як можна спыніць хаду тавараў з-за мяжы, якія дазволена ўвозіць. Трэба тады законы мяняць. А лепш змяніць мысленне беларускіх чыноўнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя