Чым закончыцца кантроль над коштамі?
Эканаміст Леў Марголін прагназуе, колькі працягнецца кантроль над коштамі, і распавядае, чым такі кантроль можа скончыцца.
Як заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, жорсткі катроль над коштамі захаваецца, хоць гэтая мера часовая і ўстаноўлена на пераходны перыяд.
“Гэта неабходна для таго, каб не было разбалансаванасці ў эканоміцы”, – паведаміў ён. Тым жа, хто пры гэтым панясе страты, Кабякоў параіў: “Бізнесу прыйдзецца распрануцца па пояс, каб прывесці свае страты ў суадноснасць з магчымасцямі. Але гэта неабходна рабіць”.
Леў Марголін: Ужо не першы раз у краіне прымаюцца нейкія не вельмі разумныя рашэнні. І доўжыцца звычайна гэта да таго часу, пакуль самаму апошняму дурню не дойдзе, што ад такіх ініцыятыў нічога добрага не будзе.
РР: Да чаго можа прывесці кантроль за коштамі?
Леў Марголін: Да дэфіцыту тавараў, якія не могуць прадавацца па тых коштах, якія за імі замацаваны. І, калі на прадукты харчавання кошты можна паціху падвысіць (напрыклад, змяніць назву тавара), то ёсць такія групы, кошты на якія не схаваеш. Тыя самыя тэлевізары, халадзільнікі і г.д.
РР: Стрымліванне коштаў у той час, як адбылася дэвальвацыя, адаб’ецца на замежных інвестарах?
Леў Марголін: Безумоўна, сітуацыя іх вельмі непакоіць і нават палохае. Калі інвестар мае нейкія тавары і хоча прадаць іх у Беларусі, то ён зацікаўлены ў тым, каб не мець тут стратаў. Толькі за апошнія 30 дзён дэвальвацыя склала каля 40 працэнтаў. Няцяжка вылічыць, колькі губляе бізнес, не падвышаючы кошты. Гэта чарговае пацвярджэнне для інвестараў таго факту, што ў Беларусі для іх існуюць вельмі вялікія рызыкі.
РР: Як кажа Кабякоў, “бізнесу прыйдзецца распрануцца па пояс”…
Леў Марголін: На шчасце, якраз гэта ад Кабякова не залежыць. Улады, безумоўна, могуць паспрабаваць “распрануць бізнес”, але нічым добрым гэта не скончыцца.
РР: Колькі можа працягнуцца перыяд стрымлівання коштаў?
Леў Марголін: Месяц-паўтара. Думаю, на большае ўладаў не хопіць. З гэтай нагоды ёсць адзін добры анекдот, у якім кіраўнік прапануе фарбаваць свінарнікі ў розныя колеры, каб пабольшыць пагалоўе свіней. Эфекта гэта не дало, але эксперымент правялі. Так і зараз. Паэксперыментуюць і, у рэшце рэшт, зразумеюць, што ў сённяшніх умовах стрымліваць кошты – гэта тое самае, што фарбаваць свінарнікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя