Чым закончыцца “цукровая справа”?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае, чаму ў яго з’явілася шмат пытанняў да “цукровай справы”.

Нагадаем, што да гэтага часу ні КДБ, ні Следчы камітэт не зрабілі ніякіх афіцыйных заяў з гэтай нагоды.

Аляксандр Ярашук: Пакуль у справе шмат незразумелага, але, мяркую, сілавікі будуць вымушаны нейкім чынам абгрунтаваць затрыманні. Магчыма, будуць абвінавачванні ў злоўжываннях службовым становішчам, карупцыі, хабарніцтве…

У любым выпадку сілавікі паспрабуюць захаваць твар і будуць нейкім чынам абгрунтоўваць свае дзеянні. Але, як мне падаецца, у гэтай сітуацыі здалі нервы ў беларускага кіраўніка, бо вярнуць самалёт з Польшчы ў Беларусь і кінуць дырэктараў усіх прадпрыемстваў за краты – гэта абсалютна непрадказальнае і эмацыйнае рашэнне.

РР: З чым гэта, на ваш погляд, насамрэч звязана?

Аляксандр Ярашук: У краіне цяжкае эканамічнае становішча на многіх прадпрыемствах, уключаючы і некаторыя цукровыя заводы. Але найперш вінаватыя ў гэтым становішчы выключна беларускія ўлады з іх палітыкай. Гэта яны давялі краіну да такога стану, рэгулюючы цэны.

Да гэтага часу кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю (на тыя ж цукровыя буракі) рэгулююцца, яны не рынкавыя. І цукровыя камбінаты вымушаны гэтыя буракі купляць па той цане, якую дыктуе дзяржава.

У той жа Расеі ў гэтай галіне даўно ўжо рынкавыя адносіны, і там зусім іншая матывацыя ў людзей. Суадносна, і эфектыўнасць больш высокая. Дарэчы, расейскі рынак – гэта адзін з самых галоўных для беларускіх цукровых заводаў. І каб там канкурыраваць, мы прадаем цукар у Расею ў два разы ніжэй за сабекошт.

Магчыма, нейкая віна кіраўнікоў прадпрыемстваў за тое, што ёсць дэбіторская запазычанасць маецца, але ўсё гэта ў канчатковым выглядзе рэгулюецца дзяржавай. Але ж яе кіраўніцтва ніколі не скажа: “Мы тут таксама вінаваты”. Так што, мяркуючы па ўсім, хутка лясне ў нас і цукровая вытворчасць. І ўладам трэба паказаць перад выбарамі народу вінаватых.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя