Чым заваблівалі інвестараў на віцебскім форуме?



У Віцебску завяршыўся VIII Эканамічны форум “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы”. Паводле аргкамітэта, на форум прыехалі 85 бізнес-дэлегацый з больш як 20 краін. У выніку было заключана 9 пагадненняў пра супрацу паміж прадстаўнікамі Віцебшчыны і патэнцыйнымі партнерамі з Расеяй, Пакістанам, Украінай, Латвіяй і Кітаем.

Каб прэзентаваць эканамічны патэнцыял Віцебскай вобласці, каля Летняга амфітэатра абсталявалі выставачныя павільёны і адкрытыя пляцоўкі. Тут была прадстаўлена прадукцыя віцебскіх прадпрыемстваў і навучальныя магчымасці ўстановаў адукацыі. Шматлюдна на выставе не было: віцябляне ўжо звыклі да праяваў афіцыйнай паказухі. Асноўны кантынгент наведнікаў складалі хіба жанчыны-гаспадыні, якія спадзяваліся, што ў выставачных шапіках прадаюцца харчовыя вырабы па танных коштах. Але і кошты, і асартымент былі звычайныя. Таму для масавасці на форум вадзілі экскурсіі школьнікаў 5-7 класаў, якіх яшчэ можна ўразіць вялікімі памерамі сельскагаспадарчай тэхнікі або распіснымі пернікамі ў форме танка.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота аўтаркі