Чыноўнікі абнавілі базу “дармаедаў”
У Беларусі ў пачатку чэрвеня абнавілі базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. У яе ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за студзень — сакавік.
Базу “дармаедаў” абнаўляюць раз на квартал. Каб не трапіць у яе з пачатку чэрвеня, трэба было да 21 красавіка пацвердзіць занятасць. Гэта можна было зрабіць праз камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці. З тых, хто аказаўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць плату за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць “плацёжкі” за апошнія дзве паслугі: для “дармаедаў” яны прыкладна ў шэсць разоў даражэйшыя. Калі ўласнік у базе не занятых у эканоміцы, то аплачваць спажытыя ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах будзе не толькі ён, але і ўсе астатнія зарэгістраваныя ў жыллі, піша “Зеркало”.
Беларусь апусцілася адразу на 10 пазіцый у рэйтынгу краін для стартапаў
За 2022 год Беларусь не заключыла ніводнай угоды па інвестыцыях у стартапы, а ў 2020 і 2021 гадах іх было па тры — на $500 тыс. і $2,48 млн адпаведна. StartupBlink склаў новы рэйтынг краін, найбольш прыдатных для свежых ідэй. Беларусь у гэтым рэйтынгу толькі на 80-м месцы. У апісанні рэйтынгу пазначана, што большасць беларускіх стартапаў цяпер пераехалі за мяжу, што істотна знізіла патэнцыял краіны.
На першым месцы ў топ-10 развіцця стартапаў знаходзяцца ЗША, далей Вялікая Брытанія, Ізраіль, Канада, Швецыя, Сінгапур, Нямеччына, Францыя, Аўстралія і Нідэрланды.
“Беларуснафта” пабудуе ў Берасцейскай вобласці горна-абагачальны камбінат
Камбінат па вытворчасці фракцыйнага кварцавага пяску пабудуюць у Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці. Гэта дазволіць аб’яднанню “Беларуснафта” пашырыць выпрацоўку складаных нафтавых радовішчаў, піша Office Life. Паведамляецца, што праект будаўніцтва камбіната важны не толькі для кампаніі, але і для краіны ў цэлым, бо мае вельмі значны імпартазамяшчальны эфект. Кварцавы пясок выкарыстоўваецца ў адной з тэхналогій здабычы нафты на айчынных радовішчах.
Аб’яднанне “Беларуснафта” у 2022 годзе здабыло ў Беларусі 1,81 мільён тон нафты. Гэта рэкордныя аб’ёмы здабычы за апошнія 20 гадоў.
Google прымушае супрацоўнікаў вярнуцца ў офіс
Супрацоўнікі кампаніі, якая адна з першых падчас пандэміі ўвяла дыстанцыйную працу, цяпер павінны тры дні на тыдзень працаваць у офісе. Кампанія пагражае тым, хто працуе з дому больш за два дні на тыдзень, дрэннай атэстацыяй іх працы.
Як піша Washington Post, такім чынам Google хоча вярнуць людзей у офісы. Чаму кампанія да гэтага імкнецца? У службовай запісцы тлумачыцца, што тыя, хто праводзіць тры дні на тыдзень у офісе, адчуваюць сябе больш звязанымі са сваімі калегамі. Нават калі вы не верыце ў “чароўныя размовы ў калідоры”, “няма ніякіх сумневаў у тым, што сумесная праца ў адным пакоі мае станоўчае значэнне”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: ostrovets.by