Чыноўнікі не падтрымалі «Народны ўказ» ІП



“Народны ўказ” па спрашчэнні працы ІП улады не падтрымалі. Ініцыятыва індывідуальных прадпрымальнікаў, на думку чыноўнікаў, будзе ствараць няроўныя ўмовы для бізнесу, а ІП пачнуць вазіць кантрафактны тавар.

Пра гэта стала вядома пасля чарговага пасяджэння рабочай групы па праблемах ІП пры Міністэрстве эканомікі.

Лідар аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка мяркуе, што чыноўнікі нічога не вырашаюць і прадпрымальнікам трэба зноў звяртаць на сябе ўвагу Аляксандра Лукашэнкі:

– Яны дзейнічаюць у ключы Лукашэнкі, таго, што ён сказаў раней, і баяцца праяўляць любую ініцыятыву, якая б ішла насуперак з яго словамі. Цяпер нам чарговы раз трэба звяртаць увагу Лукашэнкі на нашы праблемы, каб ён зноў унікаў у гэта, даваў чарговую адмашку, калі атрымаецца. То бок, мы чарговы раз пабачылі саму структуры ўлады Беларусі і спосаб прыняцця рашэнняў.

Згодна з «Народным указам», прадпрымальнікі прапануюць увесці спецыяльны фіксаваны збор для тых, хто займаецца рознічным гандлем.

Як мяркуецца, гэты плацёж ва ўсталяванай суме трэба выплачваць незалежна ад інтэнсіўнасці дзейнасці. Для тых жа ІП, якія будуць прадаваць айчынныя тавары, суму плацяжу прапануюць паніжаць, а пры продажы імпартных рэчаў – падвышаць.

Як і раней, прадпрымальнікі таксама просяць дазволіць ім працаваць без дакументаў на тавары. Іпэшнікі пакуль не здаюцца і маюць намер збіраць подпісы, каб ўнесці праект на разгляд у парламент.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя