Чыноўнікі падлічылі, колькі каштуе сабраць дзіця ў школу
Сёлета, каб сабраць у школу вучня малодшых класаў, спатрэбіцца 145—750 рублёў, старшакласніка — 204—900 рублёў, паведаміла 14 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Віялета Бразоўская.
Для параўнання, у 2017 годзе ўсё неабходнае, уключаючы адзенне, абутак, школьна-пісьмовыя прылады і канцтавары, каштавала бацькам вучняў малодшых (I—IV) класаў 142—678 рублёў (у тым ліку адзенне і абутак 110—429 рублёў), старэйшых (V—XI) — 199—760 рублёў (149—495 рублёў адпаведна).
Пры гэтым Бразоўская адзначыла, што гандлёвыя прадпрыемствы арганізавалі продаж па зніжаных цэнах, распродаж і аплату тавараў школьнага асартыменту ў крэдыт і растэрміноўку.
Паводле яе слоў, перад пачаткам навучальнага года ў Беларусі ў гандлі адбудзецца каля 600 мерапрыемстваў (школьныя кірмашы, выставы-кірмашы, распродажы, дэманстрацыя мадэляў і г.д.). Так, 25—28 жніўня ў павільёне „Белэкспа” на праспекце Пераможцаў пройдуць традыцыйныя выставы-кірмашы „Добры дзень, школа!” і „Нашым дзецям!”. Школьным асартыментам гандлююць 6 тыс. устаноў, у якіх прадстаўлена каля 400 мадэляў адзення і больш за 300 мадэляў абутку, больш за 100 мадэляў ранцаў і рукзакоў.
„Зараз продаж тавараў школьнага асартыменту ажыццяўляецца ў спакойнай абстаноўцы. Разам з тым з сярэдзіны жніўня мы чакаем піка продажу. І варта зазначыць, што пашыраны продаж да навучальнага года будзе доўжыцца да 10 верасня і будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго навучальнага года”, — запэўніла прадстаўнік МАРГ.
Як паведаміла галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю дзяржустановы „Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама” Святлана Шыцікава, у сталіцы школьны асартымент прадстаўлены ў 54 установах гандлю. На пляцоўцы каля Палаца спорту па праспекце Пераможцаў 18 і 19 жніўня з 10 да 17 гадзін пройдзе агульнагарадскі кірмаш „Пара ў школу”. На ім будзе прадавацца прадукцыя больш як 50 прадпрыемстваў з усёй рэспублікі, арганізаваная забаўляльная праграма для дзяцей.
„На сённяшні дзень сталічны гандаль забяспечыў таварамі 70% школьнікаў, пастаўлена 135 тыс. Швейных вырабаў, 45 тыс. – трыкатажных, 27 тыс. пар абутку. На 98% швейныя вырабы — айчыннай вытворчасці, на 58% — абутак”, — адзначыла спецыяліст.
Яна таксама паведаміла, што ў Менску 25 і 26 жніўня пройдзе адзіны дзень зніжак. „Гэта дазволіць сэканоміць бацькам на пакупках для школьнікаў ад 25 да 220 рублёў”, — падкрэсліла Шыцікава.
Фота: slova.by