Чыноўнікі праігнаравалі форум прадпрымальнікаў



Высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі праігнаравалі форум прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску па ініцыятыве рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”. Запрашэнні былі накіраваныя ў Адміністрацыю Прэзідэнта, Нацыянальны банк, Міністэрства па падатках і шэраг іншых дзяржаўных установаў. Ігнараванне форуму тлумачыцца нежаданнем чыноўнікам размаўляць з прадстаўнікамі дробнага бізнесу на злабадзённыя тэмы. Так лічаць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, але і высокапастаўленыя чыноўнікі. Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды зазначае, што такое стаўленне не ў апошнюю чаргу выклікана ўнёскам дробных бізнесоўцаў у дабрабыт краіны:

– У месяц кожны індывідуальны прадпрымальнік плаціць у сярэднім круху больш за 1 мільён беларускіх рублёў падатку. Калі паглядзіць, колькі дзяржава дае толькі па двух артыкулах – ахова здароўя і адукацыя – штомесяц, то гэта ў 600 разоў больш за тое, што дае ў дзяржаўны бюджэт індывідуальны прадпрымальнік.

У менскім форуме прадпрымальнікаў прыняла ўдзел амаль 700 чалавек, якія заклікалі не знішчаць дробны бізнес, а стварыць умовы для яго развіцця. Прыняты антыкрызісны план па вырашэнні праблем малога бізнесу і агучаная прапанова стварыць працоўную групу, якая супольна з прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта зоймецца распрацоўкай рашэння па ўрэгуляванні канфлікту, які ўзнік паміж дзяржавай і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Белаурскае Радыё Рацыя, Гародня

Фота staveconom.ru