Чыноўнікі прыдумалі, як стрэсці грошы з “недружалюбных” краін



У Беларусі ўводзяць чарговыя абмежаванні, якія датычацца бізнесу з “недружалюбных” краін. Напрыклад, уводзіцца спецыяльны збор для кампаній з такіх дзяржаў, якія хочуць прадаць свой бізнес у Беларусі. Гэта прадугледжана новым указам Аляксандра Лукашэнкі.

Як заўважае “Зеркало”, з указа вынікае, што калі суб’екты з “недружалюбных” краін хочуць прадаць свае акцыі або нерухомую маёмасць беларускіх прадпрыемстваў, то па-першае, яны павінны атрымаць дазвол урада, а па-другое – выплаціць у мясцовы бюджэт унёсак, не меншы за 25% ад рыначнага кошту акцый або нерухомай маёмасці.

Ураду дазволілі павялічваць памеры страхавых узносаў на транспарт замежных дзяржаў, якія разарвалі двухбаковыя пагадненні па “Зялёнай карце”, таксама ўводзіцца збор з кампаній, якія аказваюць паслугі па ўездзе і размяшчэнні грузавых аўтамабіляў з ЕС у спецыяльна ўстаноўленых месцах для правядзення грузавых аперацый. Збор – 0,8 базавай велічыні.

Лукашэнка патлумачыў, навошта Беларусі другая АЭС

“Акуратна падводжу вас да таго, што нядрэнна было б і другую атамную станцыю мець у краіне. Гэта вельмі-вельмі выгадна”. На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 20 кастрычніка абмеркавалі БелАЭС – як адзін з найважнейшых стратэгічных праектаў краіны. Паводле Лукашэнкі, у краіне зараз замяшчаюць чвэрць электраэнергіі атамнай энергіяй, таму што гэта выгадна, і трэба задумацца пра будаўніцтва яшчэ адной АЭС.

Пакуль пытанне прапрацоўваецца, на пачатковым этапе размова ідзе пра тое, што можна дадаць два блокі на існуючай пляцоўцы або пабудаваць іх на новай пляцоўцы ў Магілёўскай вобласці. Тады, паводле падлікаў Лукашэнкі, Беларусь зможа замяшчаць атамнай ужо палову электраэнергіі. У сваю чаргу Расея нядаўна параіла Беларусі не спяшацца з будаўніцтвам новага блока ці другой АЭС, піша Office Life.

Два беларускія банкі запусцілі плацяжы ў турэцкіх лірах

Беларускія банкі “БТА Банк” і “Тэхнабанк” абвясцілі аб запуску міжнародных плацяжоў у турэцкіх лірах.

У “Тэхнабанку” заявілі, што пераводы ў лірах магчымыя на адрас бізнес-партнёраў. А “БТА Банк” устанавіў прамыя карэспандэнцкія адносіны з турэцкім банкам Nurol Yatirim Bankasi A.S. Цяпер плацяжы можна праводзіць на рахункі ў турэцкіх банках, а таксама на рахункі ў лірах у банках трэціх краін, заўважае reform.by.

Ці будуць змены ў выплаце пенсій пасля выбараў у Польшчы?

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў польскія пенсіянеры могуць спаць спакойна. Ні адна з партый-пераможцаў не заяўляе пра адмену 13-ай і 14-ай пенсій. Наадварот, могуць уступіць у сілу далейшыя пазітыўныя рашэнні для пажылых людзей, у тым ліку: пенсія ўдавы і двайная індэксацыя выплат з сацыяльнага фонду ZUS.

Лідары партый, якія, хутчэй за ўсё, увойдуць у новы ўрад, заяўляюць, што захаваюць ранейшыя ільготы, уведзеныя “Правам і Справядлівасцю”. “Нішто з таго, што дадзена, не будзе адабрана”, – казаў Дональд Туск, верагодны новы прэм’ер-міністр Польшчы, падчас перадвыбарчай кампаніі. Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама гарантуе працяг ранейшых выплат. (businessinsider)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Equity.