Чыстая нафта на мяжы з Беларуссю чакаецца да канца красавіка
„Да канца красавіка чыстая нафта чакаецца на мяжы з Беларуссю. Праз два-тры дні яна будзе ў Мазыры, праз два тыдні — у Польшчы”, — заявіў намеснік міністра энергетыкі Расеі Павел Сарокін па выніках праведзеных 26 красавіка ў Менску чатырохбаковых перамоў па пытанні аднаўлення працы нафтаправода „Дружба”.
„Сёння мы правялі канструктыўны раўнд перамоў. Мы дасягнулі станоўчых і канструктыўных вынікаў. Па выніках перамоў было прынята рашэнне па ўзгадненні дарожнай карты па ліквідацыі наступстваў перавышэння арганічных хларыдаў і пра план выхаду на нарматыўныя паказчыкі”, — сказаў Сарокін.
Паводле яго слоў, будзе прыняты комплекс мер, які прадугледжвае ў першую чаргу працяг прапампоўкі нафты да порта Усць-Луга ад вузла ўліку Унеча, што дазволіць паскорыць нармалізацыю паказчыкаў у трубе. „Далей будзе ачышчана ветка ад Унечы да Мазырскага НПЗ, да вузла ўліку Мазыр. Далей будзе праведзена праца з украінскім бокам па нармалізацыі паказчыкаў на ўкраінскай тэрыторыі. З польскім бокам таксама было дасягнута пагадненне па мерах, якія будуць прыняты па аднаўленні транзіту ў Польшчу і Германію”, — сказаў Сарокін.
„Чакаецца, што да канца красавіка пры належным выкананні тых мерапрыемстваў, што мы намецілі, чыстая нафта будзе знаходзіцца на мяжы РФ. Да Мазыра нафта адтуль будзе ісці два-тры дні”, — заявіў расейскі чыноўнік. Да Польшчы, растлумачыў ён, чыстая нафта будзе ісці каля двух тыдняў з моманту яе паступлення на вузел уліку Унеча.
„Пры ачышчэнні асобных нітак нафтаправода можна будзе дасягаць прымальных паказчыкаў за кошт змешвання чыстай нафты з павышанымі паказчыкамі, каб дасягаць нарматыўнай якасці. Мы разлічваем, што нармалізацыя паказчыкаў за кошт змешвання будзе магчымая ў агляднай будучыні. То бок гэта не страчаная нафта”, — сказаў Сарокін.
Ён таксама паведаміў, што пытанне кампенсацыі страт не абмяркоўвалася. „Сёння была тэхнічная сустрэча. Іншыя тэмы не абмяркоўваліся. Пакуль цалкам немагчыма ацаніць эфект”, — сказаў Сарокін.
„Мы чакаем, што ў маі адновім у поўным аб’ёме выпрацоўку нафтапрадуктаў і пастаўку на экспарт”, — заявіў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.
„Калі казаць пра задаволенасць у поўным аб’ёме, то яна будзе тады, калі сітуацыя будзе нармалізаваная па ўсіх кірунках, ад нафтаперапрацоўкі да транзіту, і, безумоўна, будуць выпрацаваны ўсе кампенсацыйныя механізмы, каб увайсці ў нармальныя эканамічныя параметры як на ўзроўні нашых суб’ектаў гаспадарання, так і на ўзроўні краін. На наступным тыдні мы працягнем нашы перамовы ў больш шырокім коле”, — паведаміў Рыбакоў.
Прадстаўнікі Расеі абавязаліся аднавіць транзіт якаснай нафты па нафтаправодзе „Дружба” 3 траўня, паведаміла „Укртранснафта” па выніках сённяшніх чатырохбаковых перамоў. „У першай дэкадзе мая паўднёвы напрамак „Дружбы” можа аднавіць стабільную працу па перапампоўванні нафты еўрапейскім спажыўцам”, — адзначаецца ў рэлізе.
У перамовах аператараў „Дружбы” прынялі ўдзел старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў, першы віцэ-прэзідэнт „Транснефці” (Расея) Максім Грышанін, намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Сарокін, намеснік генеральнага дырэктара па таварна-транспартных аперацыях прадпрыемства „Транснафта-Дружба” Уладзімір Раслякоў, гендырэктар „Укртранснафты” Мікалай Гаўрыленка і прэзідэнт Pern S.A. (Польшча) Ігар Васілеўскі.
„Бакі абмеркавалі прапановы аб магчымых шляхах урэгулявання сітуацыі, якая ўзнікла з-за часовага спынення нафтаправода „Дружба”, і вызначылі тэхнічнае рашэнне”, — паведаміла „Укртранснафта”.
Паводле інфармацыі аператара Pern S.A., бакі выпрацавалі рашэнне, якое „аналізуецца з пункту гледжання тэхналогіі, а затым будзе прадстаўлена кліентам”. „Пасля ўзгаднення з усімі зацікаўленымі яно будзе рэалізавана, і праца трубаправода адновіцца”, — гаворыцца ў паведамленні.
Тым часам у Расіі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў нафтаправодзе „Дружба”. Пра гэта паведаміў журналістам 26 красавіка ў Маскве саветнік прэзідэнта кампаніі „Транснефць” Ігар Дзёмін. Паводле яго слоў, у Самары, у офісах некалькіх прыватных арганізацый, праходзяць следчыя дзеянні. „Цяпер можна дакладна сказаць, што ўкід хлорарганічных злучэнняў ажыццяўляўся праз вузел уліку, які належыць прыватнай структуры „Самаратранснефць — Тэрмінал „, якая ажыццяўляе прыём нафты і аналіз яе якасці ад некалькіх малых вытворцаў”, — цытуе Дзёміна „Інтэрфакс”.
Саветнік прэзідэнта „Транснефці” таксама паведаміў, што прадстаўнікі нафтаправодных і нафтаперапрацоўчых структур Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі сёння на сустрэчы ў Мінску вызначылі план дзеянняў для аднаўлення транспарціроўкі нафты ў Беларусь і краіны Еўропы.
Пра тое, што з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе „Дружба” паступае няякасная нафта, паведаміў тыдзень таму „Белнафтахім”.
22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне.
23 красавіка намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб паведаміў, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, у Польшчу і краіны Балтыі.
24 красавіка наваполацкі завод „Нафтан” пачаў прымаць чыстую нафту з Расеі па нафтаправодзе Сургут — Полацк, тады як на Мазырскі НПЗ па-ранейшаму паступае нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі. Заводы працуюць на загрузцы каля 50% ад узроўню да пастаўкі нафты з пагоршанымі характарыстыкамі. Намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў паведаміў журналістам, што страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн долараў.
25 красавіка пастаўкі светлых нафтапрадуктаў ва Украіну і ў Польшчу былі часткова адноўленыя. Між тым транзіт расейскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” спынены цалкам.
belapan.by