Чыстая страта беларускіх прамысловых прадпрыемстваў вырасла ў 3 тразы



Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый прамысловасці ў студзені—лютым 2018 года ў параўнанні са студзенем—лютым 2017-га павялічылася з 397 да 423, або на 6,5%, а іх удзельная вага — з 25,1 да 26,7%.

Пры гэтым сума чыстай страты ўсіх стратных прампрадпрыемстваў за год вырасла ў тры разы да 483,1 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — у 2,9 разу да 1 млн 142 тысяч рублёў.

Чысты прыбытак ўсіх прамысловых арганізацый склаў 497,1 млн рублёў, што на 46% менш, чым у студзені—лютым 2017 года, прыбытак да падаткаабкладання — 688,5 млн (на 38,5% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 22,1% да 1 млрд 429,5 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за два месяцы бягучага года склала 8% супраць 7,9% за студзень—люты 2017-га, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 10% супраць 9,9%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг прамысловых арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 17 млрд 882,9 млн рублёў, або на 20,6% больш, чым у студзені—лютым 2017 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень—люты павялічыўся на 21% да 14 млрд 283,4 млн рублёў.

На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслава Раманчука, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. „Трэба прызнаць факт, стварыць камісію, якая магла б частку амярцвелага капіталу ажывіць і пусціць у іншыя праекты”, — перакананы эканаміст. Аднак, паводле яго слоў, улады кажуць стратным прадпрыемствам, што яны ўдзельнічаюць у той ці іншай дзяржпраграме, не змяняюць іх прызначэнне. „Гаворачы метафарамі, хочуць паганяць дохлага каня або ажывіць даўно высахлае дрэва”, — сказаў Раманчук.

Праблемных прадпрыемстваў, заявіў ён, значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэйшай за 5%. „Іх не трэба накіроўваць на давернае кіраванне, а зрабіць прыватнымі ў надзеі на тое, што інвестары паспрабуюць іх рэанімаваць і на іх базе стварыць новыя вытворчасці. Іншага не дадзена”, — лічыць Раманчук.

БелаПАН