Чысты прыбытак прадпрыемстваў Менска скараціўся на 20%



Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—верасні 2018 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам знізілася на 2,6% — з 269 да 262, а іх удзельная вага — з 18,3 да 17,8%.

Разам з тым чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 2 млрд 316,4 млн рублёў, або на 19,4% менш, чым у студзені—верасні 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 3 млрд 123,3 млн (на 13% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 19,9% да 4 млрд 801,2 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за студзень—верасень 2018 года склала 9,6% супраць 9,3% за аналагічны леташні перыяд, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 12,4% супраць 12%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 49 млрд 995,3 млн рублёў, або на 15,7% больш, чым у студзені—верасні 2017 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за год павялічыўся на 15,4% да 38 млрд 769,1 млн рублёў.

Раней у каментары БелаПАН эканамісты выказвалі меркаванне, што хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. Пры гэтым, паводле ацэнак экспертаў, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных, многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэйшай за 5%.

БелаПАН