Чысты прыбытак прадпрыемстваў за тры кварталы ўпаў на 1 млрд рублёў
Чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў па выніках студзеня-верасня скараціўся амаль на 1 млрд рублёў, ці на 7,3%. Ён склаў 13,1 млрд рублёў, у тым ліку аб’ём прыбытку ў верасні склаў 1,6 млрд рублёў, сведчаць звесткі Белстата.
У аператыўную справаздачу статыстычнага камітэта не ўключаюцца банкі, страхавыя, бюджэтныя арганізацыі, мікра- і малыя арганізацыі без ведамаснай падпарадкаванасці.
Выручка ад рэалізацыі па выніках трох кварталаў вырасла на 10,5% да 281,16 млрд рублёў, у тым ліку ў верасні яна склала 34 млрд рублёў, знізіўшыся ў параўнанні са жніўнем на 5 млрд рублёў.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі вырас на 13,1% да 229,92 млрд рублёў.
Колькасць стратных арганізацый па выніках трох кварталаў склала 795, або на 50 больш, чым год таму.