Cтаніслаў Багданкевіч: Будзем жыць больш бедна
Экс-старшыня Нацбанка Беларусі пракаментаваў зніжэнне валавага ўнутранага прадукта ў Беларусі.
Нагадаем, што ВУП у студзені гэтага года склаў у бягучых цэнах 10,39 млрд рублёў, што ў супастаўных цэнах на 1,9% менш, чым у студзені 2019 года, гаворыцца ў паведамленні Белстата.
Станіслаў Багданкевіч: Зніжэнне ВУП за месяц – гэта не смяротна, але людзі будуць жыць больш бедна. Натуральна, гэта звязана з тым, што Беларусь не дамовілася з Расеяй па пастаўках нафты.
Зменшылася нафтаперапрацоўка, экспарт нафтапрадуктаў і, суадносна, растуць выдаткі. Усё гэта лагічна. Іншая справа, што ўлады аказаліся непадрыхтаванымі да такой сітуацыі, таму ВУП і падае.
РР: Урад разлічваў закончыць год пры росце ВУП на 2,8 адсотка. Гэта магчыма ў сёняшняй сітуацыі?
Станіслаў Багданкевіч: Год толькі пачаўся, таму складана нешта ацэньваць. Але стагнацыя эканомікі пачалася не сёння і нават рост ВУП на 1,2 адсотка – гэта статыстычная пагрэшнасць.
Мы бачым, што ажыўлення эканомікі няма, няма рэформаў. Улады пра гэта ведаюць, але пастаянна адзначаюць пра сваю “самую прагрэсіўную” эканамічную мадэль. А “прагрэсіўнасць” заключаецца ў тым, каб купіць танную расейскую нафту, перапрацаваць яе і прадаць у некалькі разоў даражэй.
Не стала халявы, і ўся “мадэль” абвалілася. Пакуль улады не асэнсуюць гэтага, стагнацыя працягнецца. Калі не асэнсуюць, то праблемы ў хуткім часе з’явяцца і на фінансавым рынку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by