Cтаніслаў Багданкевіч: Нацбанк асцярожнічае
Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў чарговае зніжэнне стаўкі рэфінансаванне.
Па інфармацыі Нацыянальнага банка, з 19 лютага стаўка рэфінансавання будзе зніжаная з 9 да 8,75% гадавых.
Таксама будзе зніжаная стаўка па крэдыце авернайт з 10 да 9,75% гадавых і стаўка па дэпазіце авернайт — з 8 да 7,75%.
Станіслаў Багданкевіч: Перадумовы для зніжэння стаўкі рэфінансавання ёсць, бо, па звестках таго ж Нацбанка, інфляцыя за год склала 4,7 адсоткі. Калі гэта праўдзівая інфармацыя, то ў такім выпадку стаўку можна было зніжаць і больш энергічна. Напрыклад, да 8 альбо 7 адсоткаў.
РР: Нацбанк асцярожнічае?
Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што так. Відаць, не ўсё ў краіне нармальна з ростам заробкаў і вытворчасці працы, якая практычна на нулі. Такая несуадноснасць можа прывесці да росту інфляцыі, таму і трымаюць стаўку рэфінансавання амаль у два разы большай, чым інфляцыя.
РР: Зніжэнне стаўкі паспрыяе аздараўленню эканомікі?
Станіслаў Багданкевіч: Гэта правільны крок, бо больш танныя крэдыты насамрэч дапамогуць эканоміцы. А вось простыя беларусы практычна не адчуюць змяненне ставак па крэдытах і дэпазітах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя