Cтаніслаў Багданкевіч: Улады вырашылі скарыстацца сітуацыяй



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч прагназуе, ці атрымае Беларусі мільярд даляраў ад Міжнароднага валютнага фонда.

Беларусь звярнулася да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай аказаць фінансавую падтрымку ў памеры 900 мільёнаў даляраў.

Раней МВФ заявіў пра гатовасць даць краінам з сярэднім узроўнем даходу да 40 млрд. даляраў, улічваючы рэзкае пагаршэнне глабальнай эканамічнай сітуацыі ў сувязі з пандэміяй.

Станіслаў Багданкевіч: Цяжка сказаць, якія шанцы атрымаць гэтыя грошы ад МВФ, але, натуральна, яны ёсць. Хаця зусім магчыма, што тую суму, якую беларускі бок просіць, краіна не ўбачыць. Улады для гэтага зрабілі ўсё магчымае. Яны ж заяўляюць, што сітуацыя з эпідэміяй абсалютна не крытычныя, усё пад кантролем, ніякі каранцін не патрэбны.

РР: Раней МВФ адмовіў афіцыйнаму Менску ў прадастаўленні крэдыту з-за адсутнасці неабходных эканамічных рэформаў.

Станіслаў Багданкевіч: Так, праблемы Беларусі вядомыя для МВФ – адсутнасць пераходу на рынкавыя ўмовы гаспадарання, дзяржаўнае кіраванне буйнымі прадпрыемствамі, нізкая вытворчасць працы. Беларускі бок пакуль не збіраецца выконваць гэтыя рэкамендацыі, таму МВФ і не дае грошы.

Але зараз беларускі ўрад вырашыў скарыстацца іншай сітуацыяй і просіць каля мільярда даляраў на барацьбу з каронавірусам. Прынцып тут такі: трэба браць усё, што даюць.

Кастусь Заблоцкі. Беларускае Радыё Рацыя