Cтаніслаў Багданкевіч: За крэдыт давядзецца дорага заплаціць



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч прагназуе, ці магчыма атрыманне ад Расеі крэдыта на 3 мільярды даляраў.

Расейскія СМІ паведамілі, што на чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, магчыма, абмяркуюць новы крэдыт для Беларусі на суму больш як 3 млрд. даляры. У мінулым годзе на фоне пратэстаў Масква ўжо вылучыла Менску 1,5 млрд.

Станіслаў Багданкевіч: Без знешніх крэдытаў Беларусь, відавочна, не выжыве. Эканоміка не зможа забяспечваць пагашэнне даўгоў і гэдак далей.

І таму, калі Беларусь ідзе здавацца Маскве і станавіцца паўночна-заходняй расейскай акругай, то крэдыт трэба браць. Але за яго давядзецца дорага заплаціць. Адназначна, што гэта будзе крок да страты суверэнітэта. Мы ж бачым, што ідзе нарошчванне знешняй запазычанасці. Краіна жыве не па сродках, а за кошт знешніх крэдытаў. Расея проста так не дасць крэдыт.

РР: Ці можа краіна выжыць без знешніх крэдытаў?

Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна, можа. Краіна можа абапірацца на ўласны эканамічны патэнцыял, можа выбіраць той урад, які прапануе лепшыя планы і праграмы выхаду з крызіснай сітуацыі ў эканоміцы.

Але дзеля гэтага патрэбна вяртанне да дэмакратыі, свабод, калі ўрад будзе адказны. Беларускі народ – не дурны, можа сам вырашыць праблемы, і я ўпэўнены, што вырашыў бы, калі б тыя, хто пры ўладзе, не нацягвалі цуглі. Ім не патрэбна, каб у краіне квітнела ініцыятыва і прыватны бізнес. Ім патрэбны стратныя прадпрыемствы і залежныя работнікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belmarket.by