Cтартаваў пілотны праект па маркіроўцы ювелірных вырабаў
У Беларусі 1 верасня пачалася рэалізацыя пілотнага праекта па маркіроўцы ювелірных вырабаў кодамі ідэнтыфікацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 29 ліпеня 2019 года № 492.
Пілотны праект, які будзе доўжыцца па 31 жніўня 2020 года, запушчаны „з мэтай вызначэння мэтазгоднасці ўвядзення маркіроўкі ювелірных і іншых бытавых вырабаў”, паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Праект рэалізуецца на добраахвотнай аснове. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі ажыццяўляюць маркіроўку ювелірных вырабаў па пераліку згодна з пастановай.
Маркіроўка складаецца са знака абароны, які ўтрымлівае код ідэнтыфікацыі, на таварны ярлык (этыкетку) і кода ідэнтыфікацыі на таварную этыкетку, якая ўтрымлівае элементы (сродкі) абароны ад падробкі.
Пастановай вызначана, што рэалізацыю пілотнага праекта забяспечваюць шэраг міністэрстваў: фінансаў, па падатках і зборах, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сувязі і інфарматызацыі, а таксама Дзяржаўны мытны камітэт.
У прыватнасці, Мінфін да 15 жніўня 2019 года павінен быў зацвердзіць правілы і ўстанавіць узоры знака абароны з кодам ідэнтыфікацыі і таварнай этыкеткі, якая ўтрымлівае сродкі абароны ад падробкі і прызначаная для нанясення кода ідэнтыфікацыі.
Аператарам аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы маркіроўкі ювелірных вырабаў Рэспублікі Беларусь (АІС) вызначана выдавецтва „Белбланкавыд”. Доступ да АІС даецца на бязвыплатнай аснове.
У сувязі з гэтым дакумент прадугледжвае ўнясенне ў пералік электронных паслуг РУП „Нацыянальны цэнтр электронных паслуг” звестак аб маркіроўцы ювелірных і іншых бытавых вырабаў, якія ўтрымліваюцца ў адпаведнай АІС.