Да 2025 года колькасць электрамабіляў у Беларусі можа павялічыцца да 100 тысяч
Да 2025 года колькасць электрамабіляў у Беларусі можа павялічыцца да 100 тысяч. Такі прагноз 5 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску зрабіў намеснік генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання „Беларуснафта” Андрэй Коцік.
Паводле ацэнак кампаніі, цяпер у краіне прыблізна 350 электрамабіляў.
„У электрамабіляў вельмі вялікі патэнцыял, у першую чаргу, з-за фундаментальнай прычыны. І гэтая прычына — даступнасць, таму што электраэнергія — гэта даступны рэсурс. Нават у гэтым пакоі ёсць магчымасць падсілкаваць электрамабіль. Гэтая магчымасць ёсць у вас дома. Мы разлічваем, што да 2025 года колькасць электрамабіляў павялічыцца да 100 тысяч, у далейшым павелічэнне мяркуецца да 300 тысяч”, — сказаў Коцік.
Паводле яго слоў, росту колькасці электрамабіляў у Беларусі будуць спрыяць меры стымулявання з боку дзяржавы. У снежні мінулага года Міністэрства эканомікі анансавала прэзідэнцкі ўказ, які ўводзіць нулявую стаўку ПДВ пры ўвозе ў краіну фізічнымі асобамі электрамабіляў для асабістага карыстання. На ўзроўні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі падтрыманае рашэнне аб часовай адмене ўвазной мытнай пошліны на электрамабілі да канца 2020 года. Зараз стаўка ПДВ складае 20%, а мытная пошліна — 15%.
„Тут відавочна, што пытанне ў эканоміцы. Аднак не толькі ў эканоміцы, але і ў практыцы, і ў прыкладах, якія былі ў суседніх краінах. Гэта перш за ўсё Украіна. Менавіта адмена ПДВ і ўсіх абцяжаранняў прывяла да таго, што сёння там 30 тысяч электрамабіляў. Толькі ў студзені было зарэгістравана 500 аўтамабіляў. Гэта значыць, ва Украіне меры стымулявання былі больш чым дастатковыя, і там адбыўся літаральна выбух”, — падкрэсліў намеснік гендырэктара „Беларуснафты”.
На яго думку, павелічэнню колькасці электрамабіляў таксама будзе спрыяць развіццё зараднай інфраструктуры. Коцік нагадаў, што ў жніўні 2018 года ўказам прэзідэнта „Беларуснафце” было даручана стварыць сетку электразаправачных станцый (ЭЗС). На той момант у краіне было 17 зарадных станцый. За больш як паўтара года іх колькасць вырасла да 251, сярод якіх як павольныя, так і хуткія ЭЗС. Як паведаміў Коцік, кампанія забяспечыла зараднымі станцыямі АЗС на галоўных магістралях краіны, а таксама паркоўкі з буйнымі камерцыйнымі, спартыўнымі і культурнымі аб’ектамі.
Да 2022 года „Беларуснафта” запусціць прыблізна 640 зарадных станцый. Прычым з гэтага года пад брэндам Malanka будуць усталёўваць толькі хуткія ЭЗС. На іх можна будзе папоўніць запас ходу на 35 кіламетраў за 7 хвілін. У сетцы з’явяцца і суперхуткія станцыі, якія зараджаюць электрамабіль за 10-12 хвілін на 345 кіламетраў прабегу.
Зараз сетка зарадных станцый „Беларуснафты” здольная абслугоўваць прыкладна 9 тысяч электрамабіляў. У планах пашырыць яе так, каб блізу 2022 года зараджаць да 35 тысяч машын.
belapan.by