Да 2030 года ў Беларусі плануюць пабудаваць сховішча ядзернага паліва



Беларусь плануе да 2030 года стварыць сховішча адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП), дзе радыеактыўныя адходы з БелАЭС будуць захоўвацца пасля перапрацоўкі на тэрыторыі Расеі, паведамляе belmarket.by.

„З улікам уводу першага і другога энергаблокаў у эксплуатацыю, да 2030 года неабходна мець рэспубліканскі фонд захоўвання радыеактыўных адходаў. Пры гэтым мы ставім задачу, каб гэта быў пункт з комплексным рашэннем пытанняў, дзе можна было б забяспечваць збор і захоўванне радыеактыўных адходаў не толькі ад АЭС, але і іншых вытворцаў з іншых сфер дзейнасці”, — паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Каранкевіч распавёў, што „адпрацаванае паліва, згодна з існуючымі дамоўленасцямі, будзе накіроўвацца на перапрацоўку ў Расею з наступным захоўваннем нізкаактыўных і сярэднеактыўных элементаў гэтага паліва ўжо на тэрыторыі Беларусі”.

„Бяспека захоўвання будзе забяспечана. Будуць вывучаны сусветныя тэхналогіі, абсталяванне, якое цяпер ужываецца. Лепшае будзе выкарыстоўвацца пры будаўніцтве пункта захоўвання радыеактыўных адходаў”, — заявіў ён.

Каранкевіч таксама спадзяецца, што „пасля пры з’яўленні неабходных тэхналогій гэтыя радыеактыўныя адкіды можна будзе выкарыстоўваць тым ці іншым чынам”.