Да 2033 года Польшча запусціць першы блок АЭС



Урад Польшчы дапрацоўвае законапраект «Палітыка па энергетычных пытаннях краіны да 2040 года».

На працягу бліжэйшых 22 гадоў дзяржава выдаткуе на энергетычны сектар 400 млрд злотых ($100 млрд), у тым ліку 180 млрд на атамную энергетыку.

Асноўныя палажэнні законапраекта былі прадстаўлены напрыканцы лістапада мінулага года. У дакуменце гаворыцца, што да 2030 года 60 адсоткаў электраэнергіі ў дзяржаве будзе вырабляцца з вугалю. Павялічыцца выкарыстанне абнаўляльных крыніц энергіі, да 2033 года плануецца запусціць першы энергаблок атамнай электрастанцыі, а чарговыя пяць блокаў – да 2043 года.

Законапраект «Палітыка па энергетычных пытаннях Польшчы да 2040 года» прадугледжвае дыверсіфікацыю паставак нафты і прыроднага газу. Плануецца пашырэнне сеткі падачы імпартных энергарэсурсаў.

Акрамя гэтага, у законапраекце гаворыцца, што Польшча робіць стаўку на марскія ветраковыя фермы. Першая павінна запрацаваць на Балтыйскім моры ў 2021 годзе. У сваю чаргу да 2036 года з Польшчы павінны знікнуць усе ветракі на сушы. Урад тлумачыць, што такім чынам кіруючая партыя ажыццяўляе перадвыбарчыя абяцанні.

Упаўнаважаны ўрада па справах стратэгічнай інфраструктуры энергетыкі Пётр Наімскі падкрэслівае, што гэты законапраект вызначае кірунак развіцця польскага энергетычнага сектара.

У дакуменце закладзена, што польская энергетычная палітыка павінна падвяргацца перагляду кожныя два гады.

Польскае радыё

Фота: sputnik.by