“Да чаго ж вы дакіраваліся за 20 гадоў?..”
Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава і міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко прапанавалі дзіцячым трэнерам (“гасударавым людзям”) працаваць з 1 млн 300 тыс у месяц і не рыпацца.
“Вось прыходзіць малады трэнер на заробак 1,3 мільёна. Ну што зрабіць, такая зарплата! Наогул, чалавек, які скончыў школу, выразна павінен уяўляць, які заробак яго чакае на месцы трэнера нізавога звяна. Разлічваць на тое, што там яго здагоняць велізарныя фінансавыя бонусы, наўрад ці варта.
На гэтыя месцы павінен быць вельмі сур’ёзны падбор кадраў. Туды трэба накіроўваць тых, хто хоча займацца трэнерскім рамяством, можа ім займацца і хто адэкватна ўспрыме гэты перыяд з заробкам 1,3 мільёна. Вы ўсе «гасударавы людзі» і павінны разумець сітуацыю ў краіне”, – сказала Наталля Качанава на калегіі Мінспорту.
А міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко яшчэ больш даў пад дых трэнерам: “Што гэта яшчэ за размовы! Як наогул можна ставіць так пытанне! Калі вы працуеце толькі за грошы, то вам, як кажуць, трэба пакласці партбілет на стол”.
Вось як адрэагавалі карыстальнікі на спартыўных форумах на чарнговыя “перлы” чыноўнікаў:
“Здаецца, пачынаецца нацыянальны псіхоз. Значыцца, далей будзе яшчэ горш”;
“Гэта як трэба сябе не паважаць тым, хто быў на калегіі, каб слухаць усю гэтую ахінею і нічога не сказаць у адказ. А ўвогуле, няхай Лукашэнка забароніць чыноўнікам выступаць публічна – яны ж сваімі заявамі набліжаюць канец гэтага рэжыму”;
“Я думаю, што трэнер з кваліфікацыяй, якую можна ацаніць заробкам 1,3 млн. у месяц можа максімум – не пакалечыць дзяцей. Я зарабляю 1,3 млн. за два дні і на гэта не так проста пражыць у нашай краіне. А з 1,3 у месяц можна жыць толькі таму, што на пахаванне не хапае”;
“Да чаго ж вы дакіраваліся за 20 гадоў, калі маладыя трэнеры павінны працаваць за суму, якая раўняецца 75 буханкам хлеба? І ў гэта ў той час, калі чалавеку яшчэ трэба і на жыццё нешта пакідаць: за жыллё плаціць, пра сям’ю думаць… Не, гэта не трэнеры павінны “партбілет на стол”, а вы – дзеячы ля карыта”;
“Няхай чыноўнікі самі папрацуюць на 1,3 мільёны рублёў у месяц. І яшчэ пракормяць на гэтыя капейкі хаця б адно дзіця. Нехта паспрабуе? Наўрад ці. Такія заявы – гэта здзек над людзьмі. Інакш назваць нельга. Хутка па заробках Кубу дагонім ці Самалі…”;
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя