Да канца чэрвеня з’явіцца першая партыя „Белджы”
На заводзе „Белджы” пад Барысавам да канца чэрвеня будзе выпушчана першая партыя аўтамабіляў, паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 23 траўня ў Менску пасля адкрыцця Беларускага прамысловага форуму.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні штаба па будаўніцтве завода 22 мая яму паведамілі, што будаўніча-мантажныя работы выкананы на 99,3%. Тэхабсталяванне для асноўнай і дапаможных вытворчасцяў „пастаўлена на пляцоўку, зманціравана і шмат у чым адладжана”. „Там тры базавыя цэхі: зваркі кузаваў, афарбоўкі (самы складаны, дарагі і прынцыповы) і канчатковай зборкі, выпрабавання і тэставання, перадпродажнай падрыхтоўкі. Прынцыпова мы ацанілі і ўчора намецілі тэрмін, што да 15 чэрвеня ўсе гэтыя цэхі, а засталася нейкая дробязь, будуць гатовыя да правядзення тэставання”, — паведаміў Сямашка.
Ён расказаў пра дэталі працэсу: за трое сутак бесперапыннай працы новай вытворчасці (за 72 гадзіны) павінны быць сабраныя 222 аўтамабілі. У ходзе тэставання правяраецца прадукцыйнасць ліній і якасць зборкі па ўсіх параметрах. „Да канца чэрвеня мы павінны вырабіць першую партыю. Потым пойдуць яшчэ дзве мадэлі — у ліпені, жніўні, верасні. Да канца года мы павінны мець прадпрыемства магутнасцю 60 тыс. аўтамабіляў у год. Калі продажы пойдуць нармальна, на заводзе закладзены патэнцыял на выпуск 120 тыс. аўтамабіляў штогод”, — адзначыў віцэ-прэм’ер. Ён таксама паведаміў, што цэх афарбоўкі цалкам гатовы, астатнія трэба дабудаваць, а таксама пабудаваць цэх штампоўкі.
Пры гэтым Сямашка заўважыў, што ў 2015—2016 гадах скараціўся рынак аўтамабіляў заходніх марак на 25—45%, а продажы Geely выраслі на 43%. „Па сукупнасці — ніжэйшая цана, добры пакет, надзейнасць. Нараканняў вялікіх па якасці няма. Вось такі праект”, — сказаў намеснік кіраўніка ўрада.
Беларуска-кітайскае СЗАТ „Белджы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, было створана ў 2011 годзе. У лютым 2013 года на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль. Акцыянерамі „Белджы” з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (51,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd (33,47%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (9,01%) і CITIC International Investment Limited (6,03% ).
У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзінам пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. Для рэалізацыі праекта выдзелены кітайскі крэдыт на 158,7 млн даляраў ЗША. Агульны аб’ём інвестыцый складзе 400 млн еўра.