Да канца года сувязь 4G стане даступная ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі



У снежні 4G, сувязь мабільнага аператара „МТС”, якая цяпер забяспечана толькі ў Менску, стане таксама даступная ў Берасці, Віцебску, Гародні, Гомелі і Магілёве. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе кампаніі „Мабільныя ТэлеСістэмы”, да канца гэтага года доступ да паслуг чацвёртага пакалення атрымаюць жыхары абласных цэнтраў, а гэта 75% гарадскога насельніцтва рэспублікі. У пачатку 2017 года перавагі высакахуткаснай перадачы даных ацэняць кліенты „МТС” у буйных раённых гарадах.

 

На аснове пазітыўнага абаненцкага вопыту LTE у сталіцы „МТС” прагназуе поспех дадзенай тэхналогіі і ў іншых раёнах краіны. З часу запуску LTE сумарны сутачны 4G-трафік, згенераваны кліентамі аператара, вырас больш чым у шэсць разоў — да 25.850.000 мегабайт. Гэта перавышае інтэрнэт-трафік, спажыты мінскімі 3G-абанентамі.

Сетку LTE Advanced у Беларусі запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю 17 снежня 2015 года. Яе будаўніцтвам займаецца першы інфраструктурны аператар beCloud для наступнага давання яе ў карыстанне ўсім зацікаўленым аператарам.

Пакуль тэхналогія 4G даступная толькі ў Менску, і на сёння зацікаўленасць у аказанні паслуг па дадзенай тэхналогіі праявілі аператары „МТС” і life :).

Long Term Evolution (LTE, 4G) — перспектыўнае (чацвёртае) пакаленне мабільнай сувязі, якое характарызуецца высокай хуткасцю перадачы даных і павышанай якасцю галасавой сувязі. Сетка чацвёртага пакалення дазваляе забяспечыць хуткасць перадачы даных у 5—15 разоў вышэй, чым 3G. Дзякуючы 4G абанент атрымлівае высакахуткасны інтэрнэт, інавацыйныя мультымедыйныя паслугі, аўдыё- і відэакантэнт самай высокай якасці ў рэжыме рэальнага часу, новы ўзровень інтэрактыўных зносін.

Фота visionariostecnasa.com