Да выбараў кошты будуць стрымліваць
Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму ў Беларусі ізноў пачалі стрымліваць рост коштаў.
Учора віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы заявіў, што ў 2015 годзе кошты на прадукты харчавання вышэйшымі не стануць. Прэм’ер-міністр Андрэй Кабакоў днём раней паабяцаў беларусам не павялічваць тарыфы на транспарт і сувязь. У краіне ізноў уведзены мараторый на рост коштаў?
Леў Марголін: У стрымліванні росту коштаў ёсць дзве акалічнасці. Першая – набліжаюцца празідэнцкія выбары. Другая – тая палітыка, якую зараз праводзяць урад і Нацыянальны банк, дазваляе абяцанні пра стрымліванне коштаў выканаць. Думаю, і Кабякоў, і Русы ведалі, што казалі. Калі ўрад і Нацбанк не будуць запускаць друкарскі станок, каб нарабіць пустых грошай, то абсалютна верагодна, што не будуць расці кошты на тавары.
РР: Ці могуць ізноў прымусіць бізнес увесці мараторый на рост коштаў?
Леў Марголін: Наўрад ці, бо ў гэтым няма вялікай неабходнасці. Калі толькі больш магутны крызіс не прымусіць друкаваць грошы. Мараторый можна ўвесці на нейкі непрацяглы час, а доўгатэрміновае стрымліванне коштаў негатыўна адаб’ецца і на бізнесе, і на ўсіх галінах вытворчасці.
РР: А што будзе пасля выбараў? Ці пачнуць расці цэны?
Леў Марголін: На мой погляд, сітуацыя з жорсткай грашовай палітыкай не можа існаваць адна. Яна павінна суправаджацца нейкімі рэформамі ў эканоміцы, і не толькі ў ёй. Калі гэтага не адбудзецца, проста жорсткая грашовая палітыка нічога не дасць. Прыйдзе час (а ён прыйдзе пасля выбараў), калі прадпрыемствы ізноў возьмуць на утрыманне, і ізноў усё пойдзе як і раней. Такі сцэнар не выключаны. Паступова будуць расці і кошты на ўсё. Хоць у гэтым годзе іх рост будзе не вельмі вялікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя