У Расеі чакаюць дадатковых паставак беларускіх прадуктаў
Віцэ-прэм’ер Расейскай Федэрацыі Аркадзій Дварковіч заявіў, што Беларусь гатовая цягам бліжэйшых дзён экспартаваць на расійскі рынак шэраг дэфіцытных тавараў, якія да ўвядзення харчовага эмбарга пастаўляліся з краін Еуразвязу, ЗША, Аўстраліі і Японіі.
Паводле эксперта ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, расейскія ўлады перакананыя ў экспартных магчымасцях беларускай гаспадаркі. Аднак, на думку эканаміста, існуе небяспека ўтварэння дысбалансу на беларускім рынку:
– Калі будзе дылема: задаволіць мясцовае насельніцтва ці выйсці на вялізны расейскі рынак і заваяваць яго дзякуючы наяўнай эканамічнай сітуацыі, то я думаю, што большасць прадпрыемстваў абярэ менавіта другі варыянт. Небяспека недахопу тавараў на беларускім рынку ў першы перыяд, калі беларускія прадпрыемствы не будуць гатовыя ахапіць усіх патрэбаў расейскага рынку, дастаткова высокая.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 6 жніўня ўвёў забарону на ўвоз прадуктаў харчавання з краінаў, якія падтрымалі эканамічныя санкцыі супраць яго дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель