Даляр дзясяты раз запар абнавіў гістарычны максімум



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавядае, чаму ізноў пачала абясцэньвацца нацыянальная валюта.

26 лістапада на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра вырас адразу на 139 рублёў да 18.266 рублёў і, такім чынам, 10 раз запар абнавіў гістарычны максімум.

Рост даляра працягваецца ўжо 12 таргоў запар, за гэты час ён умацаваўся на 636 рублёў.

Летась, 26 лістапада, на біржы за адзін даляр давалі 10.800 рублёў. Такім чынам, за год рост курса амерыканскай валюты склаў 69 адсоткаў.

Еўра сёння вырас на Br45 да 19.373 рублёў.

Вадзім Іосуб: Трэба адзначыць, што не так і доўга дэвальвуецца нацыянальная валюта, калі не блытаць дэвальвацыю рубля і рост курса даляра. Даляр умацоўваецца ва ўсім свеце – да еўра, фунта, франка, расейскага рубля. І было б дзіўна, калі б пры гэтым амерыканская валюта не ўмацоўвалася ў адносінах да беларускага рубля. Сам па сабе гэты працэс кажа менавіта пра рост даляра, а не пра нейкую слабасць беларускага рубля, хоць гэтая слабасць і праявілася на апошніх таргах. Насамрэч адбылося падзенне рубля, але па некалькіх днях, напэўна, яшчэ рана казаць пра нейкую доўгатэрміновую тэндэнцыю.

РР: Што паўплывала на падзенне нацыянальнай валюты?

Вадзім Іосуб: Хутчэй за ўсё, сталі праяўляцца эфекты, якія звязаны з Дэкрэтам, які прадугледжвае ўвядзенне падаходнага падатку на некаторыя ўклады для фізічных асобаў. Частка ўкладчыкаў, у якіх падыходзяць да завяршэння тэрміны рублёвых укладаў, купляюць на гэтыя грошы валюту. Гэта прыводзіць да росту попыту на валюту і ў выніку – падзенне беларускага рубля да валютнага кошыка.

РР: Ці ўплывае на курсаўтварэнне падзенне цэнаў на нафту?

Вадзім Іосуб: Безумоўна, нафта зараз знаходзіцца ля сваіх чарговых мінімумаў, і гэта аказвае ўплыў на беларускую валюту. Але казаць пра тое, што рубель падае, таму што цэны на нафту зніжаюцца, я б не стаў. Як ужо адзначаў, куды большы эфект на рубель аказвае той факт, што беларусы скупляюць валюту.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя