Даляр і еўра рэзка падаражэлі на фоне абвалу расейскага рубля



9 жніўня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель дэвальваваўся да долара і еўра на фоне рэзкага патаннення расейскага рубля ўслед за навінамі аб падрыхтоўцы новых санкцый ЗША ў дачыненні да Расеі.

Паводле вынікаў таргоў курс еўра вырас на 0,0380 рубля (1,63%) і склаў 2,3707 рубля.

Курс даляра ЗША павялічыўся на 0,0336 рубля (1,67%) да 2,0446 рубля.

Курс расейскага рубля знізіўся на 0,0587 рубля (1,86%) і склаў 3,0962 беларускага рубля за 100 расійскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля. Ён стаў імкліва падаць 8 жніўня, калі ЗША абвясцілі аб новым пакеце санкцый супраць Расеі ў сувязі са „справай Скрыпалёў”. Першы этап новых санкцый, як чакаецца, будзе ўведзены 22 жніўня. Тым часам кошт бараля нафты маркі Brent за мінулыя суткі зваліўся на 3,4 даляра да 72 даляраў.

У Расеі сярэднеўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, на падставе якога ўсталёўваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 вырас на 2,6906 рубля і склаў 66,2856 рубля.

belapan.by