Даляр падскочыў на фоне падзення расейскага рубля
На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 11 лістапада 2016 года беларускі рубель знізіўся да даляра ЗША і еўра, умацаваўся да расейскага рубля.
Па выніках таргоў курс еўра вырас на 0,0254 рубля (1,22%) да 2,1139 рубля.
Курс даляра вырас на 0,0324 рубля (1,7%) і склаў 1,9433 рубля.
Курс расейскага рубля (за 100 адзінак) знізіўся на 0,0402 рубля (1,33%) і склаў 2,973 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, а долі даляра ЗША і еўра — 30% і 20%.
Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Цэны на нафту знізіліся на ранішніх таргах у пятніцу ў сувязі з устойлівым перанасычэннем рынку, якое, на думку аналітыкаў, хутчэй за ўсё, захаваецца, калі АПЕК і іншыя вытворцы не дамовяцца аб істотным скарачэнні здабычы. Ф’ючарсы на нафту Brent па стане на 9 раніцы знізіліся на 0,24% да 45,73 даляра за бараль.
У Расеі сярэдняўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, па якім усталёўваецца афіцыйны курс ЦБ, на 11.30 пятніцы вырас на 1,8006 рубля, склаўшы 65,2167 рубля.