Даляр працягвае наступ на расейскі рубель
Расейскі рубель працягвае імклівае падзенне, сёння на маскоўскай валютна-фондавай біржы еўра куплялі за больш як 60 рублёў, а даляр дасягнуў чарговага гістарычнага максімуму ў 48 рублёў. З пачатку года дэвальвацыя расейскага рубля склала амаль 40 працэнтаў. Паводле беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава, падзенне расейскага рубля звязанае з санкцыямі ЕЗ, якія забараняюць даваць крэдыты расейскім банкам, якія ў сваю чаргу дапамагалі расейскім карпарацыям сплачваць замежныя пазыкі.
– Цяпер атрымлася, што перакрэдытавацца нельга. Гэта значыць, што трэба знайсці валюту ўнутры краіны, каб на працягу года больш 120 мільярдаў даляраў вярнуць. З аднаго боку, забарона перакрэдытоўваць, гэта значыць, валюта ў Расею не паступае. Даводзіцца пакупаць валюту ўнутры Расеі за расейскія рублі і аддаваць даўгі заходнім крэдыторам. Таму патрэба ў валюце вельмі вялікая. На гэта ідзе частка золата-валютных рэзерваў. Атрымаўся вялікі попыт на валюту ўнутры Расеі, і атрымліваецца, што расце курс даляра.
Цэнтральны банк Расеі два дні таму паведаміў, што больш не будзе выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы для падтрымання курсу расейскага рубля. Ад пачатку года галоўны банк выкарыстаў на гэтыя мэты ўжо 75 мільярдаў даляраў.
* * *
Абвал расейскага рубля непазбежна прывядзе да праблемаў беларускай эканомікі – такое меркаванне выказвае беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. Перадусім у Беларусі ўзнікнуць праблемы з экспартам тавараў у Расею, дзе расейскі рубель імкліва абясцэньваецца і робіць беларускія тавары даражэйшымі.
– Беларускі рубель не дэвальвуецца, а расейскі дэвальвуецца. І атрымліваецца такая сітуацыя, што наш рубель робіцца больш моцным у адносінах да расейскага рубля. Гэта значыць, што нашыя тавары робяцца ў Расеі больш дарагімі. І гэта значыць, што падае попыт на беларускія тавары ў Расеі.
Леанід Злотнікаў не выключае, што беларускі рубель таксама можа чакаць дэвальвацыя, пра гэта некалькі дзён таму казаў прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч. На сённяшні дзень валютная ліхаманка расейскага рубля на беларускі пакуль не перакінулася.
– Пакуль дэвальвацыі няма, пакуль даляр расце, але даляр расце разам з інфляцыяй. То бок пакупніцкая здольнасць даляра ў Беларусі не падвышаецца. Але з аднаго боку Расея, з другога боку трэба вяртаць валютныя даўгі. І гэта не проста зараз зрабіць. Таму, напэўна, для таго, каб падтрымліваць курс даляра, які склаўся ў Беларусі, патрэбны сталы прыток валюты ў краіну. А гэты прыток памяншаецца.
Паводле ацэнкі незалежных экспертаў, беларускі рубель можа чакаць дэвальвацыя на ўзроўні 20-30 працэнтаў. Тым часам расейскі рубель ад пачатку года страціў ужо 40 працэнтаў сваёй вартасці.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя