Даляр ЗША і еўра нязначна патаннелі на таргах



6 снежня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель умацаваў свае пазіцыі да даляра ЗША і еўра, знізіўся да расейскага рубля.

Па выніках таргоў курс еўра знізіўся на 0,0013 рубля (0,05%) і склаў 2,4174 рубля.

Курс даляра ЗША зменшыўся на 0,0011 рубля (0,05%) і склаў 2,1339 рубля.

Курс расейскага рубля вырас на 0,0003 рубля (0,01%) і склаў 3,1964 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якой удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Цэны на нафту знізіліся раніцай у чацвер. Пад поўдзень бараль маркі Brent таргуецца на ўзроўні 60 даляраў ЗША.

У Расеі курс рубля губляе каля 50 капеек на фоне зніжэння кошту нафты маркі Brent, вынікае з дадзеных Маскоўскай біржы. Курс даляра разлікамі „заўтра” на 12.58 чацвярга вырас на 47 капеек — да 67,04 рубля.

belapan.by