Даляр ЗША на таргах БВФБ падаражэў да трохмесячнага максімуму



Беларускі рубель знізіўся да даляра ЗША, еўра і расейскага рубля на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 3 лютага. Пры гэтым амерыканская валюта падаражэла да трохмесячнага максімуму.

Так, паводле вынікаў таргоў курс даляра ЗША вырас на 1,11 капейкі, або на 0,42%, і склаў 2,6404 рубля.

Курс еўра павялічыўся на 0,02 капейкі (0,01%) і склаў 3,1764 рубля.

Курс расейскага рубля падняўся на 0,24 капейкі (0,07%) да 3,4694 беларускага рубля за 100 расійскіх.

На гэтым фоне курс продажу даляра ЗША ў абменных пунктах асобных банкаў ужо дасягнуў 2,66 рубля, курс продажу еўра — 3,22 рубля.

У курсаўтварэнні Нацыянальны банк Беларусі выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Як адзначаюць у Нацбанку, валютныя інтэрвенцыі дазволілі ў 2020 годзе не дапусціць празмернага абясцэнення беларускага рубля. За 2020 год беларускі рубель аслабеў да даляра ЗША на 22,6%, да расейскага рубля — на 2,4%. Такая змена абменнага курсу дазволіла яму застацца паблізу свайго раўнаважнага ўзроўню і падтрымаць цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі.

У 2021 годзе рэгулятар мае намер захаваць рэжым гнуткага курсаўтварэння, які дазваляе аператыўна рэагаваць на знешнія і ўнутраныя выклікі. Пры гэтым дапускаецца правядзенне валютных інтэрвенцый для згладжвання рэзкіх ваганняў абменнага курсу.

belapan.by