Дамы з зоны радыеактыўнага забруджвання выставілі на продаж



У Адзіным рэестры пустых дамоў за адну базавую велічыню прадаюць больш за 2,5 тысячы пустых дамоў. Некаторыя з іх знаходзяцца ў населеных пунктах, якія адносяцца да зоны, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, піша “Зеркало”. Журналісты заўважылі, што ў рэестры ёсць дамы з тых вёсак, якія знаходзяцца ў радыеактыўным спісе. Напрыклад, шмат такога жылля ў вёсках Мазырскага раёна – каля ракі Прыпяць.

У службе радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета кажуць, што ўзровень забруджвання радыёнуклідамі не ўсюды аднолькавы нават у межах раёна. Паводле супрацоўніцы, нават калі разглядаць для жыцця зону наступнага адсялення, то цяпер там таксама ёсць насельніцтва. І нават у зоне абавязковага адсялення жывуць людзі, сказалі журналістам, ды яшчэ запэўнілі, што хоць трэба глядзець паказчыкі радыяцыі ў кожным канкрэтным выпадку, але сітуацыя “паўсюдна палепшылася”.

Рэгуляваныя дзяржавай цэны выраслі на 7 працэнтаў

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў верасні выраслі на 7,1% у гадавым выражэнні. Такую статыстыку прывёў Нацыянальны банк у новым аглядзе інфляцыйных працэсаў.

Агулам жа, паводле звестак Белстату, за студзень–верасень спажывецкія цэны выраслі на 3,6%: харчовыя тавары сталі даражэй на 2,9%, нехарчовыя — на 2%, платныя паслугі — на 7,1%.

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжваюць інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічвае ўтрымаць рост цэн і тарыфаў у межах 6%.

Адкуль у Беларусь вязуць грузы?

У Беларусі рэзка павялічыўся попыт на імпартныя перавозкі – адразу на 126% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Пры гэтым большую частку грузаў вязуць з Расеі. Пра гэта Office Life распавялі прадстаўнікі Біржы аўтамабільных грузаперавозак ATI.SU, прааналізаваўшы дадзеныя за трэці квартал. Цэны на міжнародных напрамках за год выраслі на 19 працэнтаў. У імпарце грузаперавозак тэндэнцыю вызначае Расея. Вырас попыт і на дастаўку грузаў з Казахстана і Кітая. Польшча і Германія заканамерна паказалі зніжэнне ў гадавым выражэнні, але ў параўнанні з ІІ кварталам яны таксама прадэманстравалі невялікі аднаўленчы рост.

Што да экспартных перавозак, па выніках III квартала колькасць заявак на перавозкі з Беларусі ў іншыя краіны скарацілася на 5% у параўнанні са II кварталам, але ў гадавым выражэнні — вырасла на 19%. Па абсалютных лічбах тут таксама лідзіруе Расея: асноўная колькасць перавозак здзяйсняецца менавіта ў гэтую краіну.

Украіна просіць у заходніх краін па 42 мільярды даляраў на два гады

Кіеў заявіў, што мае патрэбу ў фінансаванні заходнімі донарамі для пакрыцця бюджэтнага дэфіцыту. Гаворка ідзе пра 42 мільярды даляраў як у бягучым, так і ў наступным годзе. Па словах прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту Украіны ў гэтым годзе будзе складаць каля 20% ВУП. Прагноз на наступны год – 21% ВУП.

Раней у бюджэце Украіны на бягучы год быў прадугледжаны дэфіцыт у памеры $38 млрд, але на дадзены момант ён дасягнуў $54,75 млрд.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: eri2.nca.by.