Дарадца Ціханоўскай: Баяцца прыватызацыі ў Беларусі не варта



Прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў з’яўляецца адной з найважнейшых і самых складаных рэформаў у Беларусі. Ад яе поспеху або правалу будзе залежаць рэформа эканомікі Новай Беларусі ў цэлым.

Рэкамендацыі па прывядзенні прыватызацыі і рэформам дзяржсектара, падчас анлайн-прэзентацыі агучыў кіраўнік CASE Belarus Team, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч:

– Па-першае, прыватызацыя павінна быць неад’емнай часткай комплекснай праграмы эканамічных рэформаў. Другая рэкамендацыя, каб яшчэ да прыватызацыі пастарацца стварыць роўныя ўмовы вядзення бізнесу ў эканоміцы. Па-трэцяе, перш чым пачаць прыватызацыю, варта сфакусавацца на рэформе сацыяльнай палітыкі. Людзі, якія могуць страціць працу, каб яны мелі нармальныя выплаты па беспрацоўю. Трэба правесці рэструктурызацыю на гэтых прадпрыемствах. Апошняя рэкамендацыя, нельга падтрымліваць ніякія прыклады карупцыі.

Свае рэкамендацыі для Беларусі агучыў інвестыцыйны кансультант па Усходняй Еўропе, у мінулым – сябра Назіральнай рады Банка развіцця Беларусі Даніэль Круцына:

– Нават за мае гады з 2007 па 2020 прыватны сектар дастаткова моцна пашырыўся. Калі ім „развязаць рукі”, то яны могуць адыгрываць дастаткова важную ролю ў прыватызацыі, асабліва ў сярэднім і малым бізнесе. Таксама вельмі важны фактар, які можа істотна павялічыць патэнцыял росту, гэта мясцовае самакіраванне. Цяпер усё кіраванне цэнтралізаванае.

На думку экспертаў, у Новай Беларусі будзе нашмат прасцей правесці прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў, чым іншым краінам у 1990-я гады. Прыватызацыя дазволіць павысіць эфектыўнасць прадпрыемстваў, узмацніць канкурэнцыю і дэпалітызуе беларускую эканоміку.

Беларускае Радыё Рацыя