Дарадца Ціханоўскай: Магчымы чарговы віток „нафтагазавай вайны”



Паміж Беларуссю і Расеяй можа здарыцца чарговая „нафтагазавая вайна”. Такое меркаванне выказаў на анлайн-прэс-канферэнцыі 15 снежня дарадца экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па эканоміцы, віцэ-прэзідэнт аналітычнага цэнтра CASE-Belarus Алесь Аляхновіч.

Паводле яго слоў, канфлікты на глебе паставак расейскіх нафты і газу ў Беларусь „амаль штогадовыя, і, хутчэй за ўсё, сёлета не будзе выключэння, нягледзячы на афіцыйную пазіцыю расійскіх уладаў па падтрымцы беларускага рэжыму”. Падтрымка беларускіх уладаў Расеяй, перакананы ён, знаходзіцца „ў падвешаным стане”, яна „абумоўленая”.

„Гэта не так, як было шмат гадоў таму, калі Расея ў любы складаны для беларускай сістэмы час была гатовая падтрымліваць беларускую эканоміку фінансава, эканамічна, энергетычна і гэтак далей, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай. — Цяпер розныя праекты з Расеяй падвешаныя. Гэта і два траншы расейскага крэдыту: Беларусь атрымала толькі паўмільярда [долараў] крэдыту, застаўся яшчэ мільярд, з якога 500 мільёнаў павінны былі трапіць у беларускі бюджэт яшчэ сёлета. Пакуль вынікаў няма”.

„Дамоўленасцяў па нафце і газе пакуль няма. Мы можам увайсці ў новы год так, як было сёлета, гэта значыць з 1 студзеня не будзе паставак нафты ў Беларусь. Гэта магчымае. Нягледзячы на заявы Еўразійскага банка развіцця аб гатоўнасці падтрымліваць беларускую эканоміку і замяніць ЕБРР і Еўрапейскі інвестыцыйны банк, тут я таксама не прадбачу новых праектаў, пакуль беларускі рэжым не пойдзе на саступкі, на вырашэнне перш за ўсё палітычнага крызісу. Так што нафтагазавая вайна даволі верагодная”, — дадаў ён.

Дыверсіфікацыя паставак вуглевадародаў Беларусі не дапаможа, перакананы Аляхновіч, таму што „беларускі бюджэт ужо знаходзіцца ў дрэнным стане”. Пастаўкі з Нарвегіі, Саудаўскай Аравіі ці ЗША „больш дарагія, а беларускаму рэжыму трэба эканоміць”.

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК) Павел Латушка таксама заявіў, што „ні пра якую дыверсіфікацыю паставак гаворкі не можа ісці з улікам палітычнай крызіснай сітуацыі, недаверу да Беларусі як партнёра, абмежавання кантактаў з боку больш як 40 краін”.

„Што да цэн на газ, зразумела, што ў нас ёсць там, у Маскве, даволі заслужаны перамоўшчык, які не аднойчы займаўся гэтымі пытаннямі, у тым ліку ў навагоднюю ноч (гаворка пра пасла Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашку. — БелаПАН.), але гэта ўсё ж спекуляцыі — кантракт будзе падпісаны да Новага года або не. Зразумела, што гэтая сітуацыя зноў паказвае рэальнае стаўленне расейскіх партнёраў да Лукашэнкі. Калі б адносіны былі стабільныя, нармальныя, партнёрскія, калі б дамоўленасці з боку рэжыму выконваліся, то і адпаведныя кантракты падпісваліся б загадзя, усім былі б зразумелыя цэны на газ, тэрміны паставак газу і нафты. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што да Лукашэнкі няма даверу з боку партнёраў, нават з боку Расейскай Федэрацыі”, — сказаў Латушка.

belapan.by