Даражэе праезд на чыгунцы
У Беларусі павышаюцца тарыфы на пасажырскія перавозкі чыгуначным транспартам, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
Так, тарыфы на перавозкі пасажыраў у цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній 1 красавіка 2018 года будуць павялічаныя на 24 і 32% адпаведна.
Тарыфы на перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх лініях павялічаныя 20 сакавіка да наміналу, зручнага для аплаты (на 2—6%).
Павышэнне тарыфаў прадугледжанае пастановай МАРГ ад 21 снежня 2017 года № 6, якім унесеныя змены ў пастанову міністэрства ад 27 верасня 2016 года № 29.
Як адзначаюць у МАРГ, тарыфы на перавозку пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання папярэдні раз павышаліся ў 2015 годзе.
„На сённяшні дзень узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне ўнутрырэспубліканскіх пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам не перавышае 20%, — паведамляе МАРГ. — Бюджэтнае субсідаванне на гэтыя паслугі не ажыццяўляецца. Такім чынам, рашэнне аб пераглядзе тарыфаў прынятае ў мэтах паэтапнага павышэння ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам”.
У міністэрстве падкрэсліваюць, што „ад узроўню тарыфаў і ўзроўню акупнасці выдаткаў наўпрост залежыць магчымасць правядзення перавозчыкам неадкладных мерапрыемстваў па падтрыманні якасці і бяспекі перавозак, абнаўлення рухомага складу і, такім чынам, павышэння якасці паслуг па перавозцы”. БелаПАН