Дазволы на допуск электрамабіляў да руху вызваляць ад пошліны
Указ № 273 „Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў” падпісаў 10 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.
„Дакументам прадугледжваюцца меры, накіраваныя на стымуляванне попыту на электрамабілі, а таксама стварэнне зараднай і сэрвіснай інфраструктуры”, — паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
У прыватнасці, прадугледжана вызваленне ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск электрамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху; падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі зарадных прылад, якія не вырабляюцца на тэрыторыі краіны.
Дзяржаўным аператарам па стварэнні і развіцці зараднай сеткі для электрамабіляў выступіць вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта”, якое „забяспечыць распрацоўку і рэалізацыю адпаведнай праграмы”.
Улады спрабуюць стымуляваць выкарыстанне электрамабіляў у сувязі з планаваным уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС. БелаПАН